Памежныя чаты: «Літва ўвяла абмежаванні на вываз еўра ў Беларусь». Тлумачым сітуацыю

Ад учора ў прыгранічных чатах актыўна абмяркоўваць абмежаванні на вываз еўра з Літвы ў Беларусь. Разабраліся, ці нешта змянілася.

22.07.2024 / 17:09

Не больш за 60 еўра на вываз?

Некаторыя карыстальнікі прыгранічных чатаў піcалі, што нібыта з панядзелка 22 ліпеня Літва ўводзіць больш строгія правілы па вывазе еўра ў Беларусь. Маўляў, вывезці з Літвы ў Беларусь можна не больш за 60 еўра. Праз гэта пытанне валютных абмежаванняў стала папулярным у прыгранічных чатах.

Фота: скрыншот з тэлеграм-чата t.me/belgranica

На справе ніякіх новых абмежаванняў з 22 ліпеня Літва не ўводзіла, але гэта не азначае, што іх не існуе. Вывозіць з Еўрасаюза еўра, польскія злотыя, чэшскія кроны і іншыя валюты краін ЕС у Беларусь забаранілі яшчэ каля двух гадоў таму. Выключэнне — сума, неабходная грамадзянам для асабістых патрэб пад час канкрэтнага падарожжа. 

Пры гэтым, рэгламент ЕС не прадугледжвае, якой можа быць тая сума, якую можна лічыць неабходнай для канкрэтнай паездкі.

Адсутнасць канкрэтыкі дае магчымасць прымаць уласныя рашэнні адносна максімальнай сумы не толькі кожнай краіне ЕС асобна, але і канкрэтнаму супрацоўніку мытні.

Агучаныя ў чатах абмежаванні ў 60 еўра могуць быць не больш чым негалосным правілам або разуменнем канкрэтнага мытніка.

Фота: скрыншот з тэлеграм-чата t.me/belgranica

Некаторыя ўдзельнікі абмеркаванняў адзначаюць, што абмежаванні ў 60 еўра на вываз дзейнічаюць у Латівіі.

Што на практыцы?

Нягледзячы на пэўную паніку ў чатах і адсутнасць канкрэтыкі ў заканадаўстве, на справе нічога не змянілася. Людзі, якія 22 ліпеня вярталіся з Літвы ў Беларусь, кажуць, што ніякіх змен не адчулі. Многія падарожнікі сцвярджаюць, што пры выездзе з Літвы ні літоўскія мытнікі, ні пагранічнікі не цікавіліся тым, колькі грошай чалавек мае пры сабе.

Тым не менш, паколькі абмежаванні сапраўды існуюць, мытнікі раяць не рызыкаваць і пры наяўнасці адной з валют ЕС (не толькі еўра) абменьваць іх на іншыя валюты. Напрыклад, даляры ЗША, фунты стэрлінгаў або швейцарскія франкі. У адносінах да гэтых валют ніякіх новых абмежаванняў няма. Як і раней, без дэкларацыі можна везці суму, якая ў эквіваленце не перавышае 10 тысяч даляраў ЗША.

Як змяніць беларускія нумары на літоўскія. Што трэба і колькі каштуе працэдура?

Nashaniva.com