Ігар Стралкоў (Гіркін) будзе працаваць краўцом у калоніі
Былога міністра абароны так званай ДНР асудзілі паўгода таму да чатырох гадоў калоніі.
22.07.2024 / 13:08
Ігар Стралкоў (Гіркін). Фота: Alexander Zemlianichenko / AP
Ігар Стралкоў (Гіркін) будзе працаваць краўцом у калоніі, паведамляе Mash.
Ён адбывае пакаранне ў горадзе Кірава-Чапецку Кіраўскай вобласці. Сёння былога міністра абароны так званай ДНР наведаў адвакат. Яму Гіркін распавёў, што ў калоніі ёсць швейная вытворчасць, на якую ён ужо папрасіўся.
Калі ўсё складзецца, будзе рабіць службовую зімовую вопратку, у тым ліку для вайскоўцаў.
Стралкова (Гіркіна) затрымалі ў ліпені мінулага года і 25 студзеня 2024 года прыгаварылі да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Экс-міністра абароны так званай «ДНР» прызналі вінаватым у публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасці.
Стралкоў (Гіркін) неаднаразова крытыкаваў метады і спосабы расійскага наступу ва Украіне.
Таксама паведамлялася, што з калоніі ён можа адправіцца на фронт.