Каб вывезці $54 тысячы ў Літву, беларус раздаў грошы сваім пасажырам. І атрымаў крыміналку
Мытнікі ў пункце пропуску «Беняконі» гэты лайфхак не ацанілі.
22.07.2024 / 14:35
Фота: ДМК
Грамадзянін Беларусі хацеў вывезці ў Літву 54 тысячы даляраў, пры гэтым дэклараваць грошы ён не захацеў.
Замест гэтага беларус прыдумаў іншы план — ён раздаў грошы пасажырам свайго «Opel Vivaro». Кожнаму ён даў па суме, якая не перавышала 10 тысяч даляраў — менавіта столькі можна правозіць праз мяжу без дэкларавання, паведамілі ў ДМК.
Усе пасажыры і кіроўца пайшлі праз зялёны калідор і заявілі, што рэчаў і грошай для дэкларавання ў іх няма. Аднак мытнікі нешта западозрылі, правялі дадатковую праверку і раскусілі план мужчыны.
У дачыненні да кіроўцы распачалі крымінальную справу за «незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры грошай або грашовых інструментаў».
Санкцыя артыкула — ад штрафу да пяці гадоў калоніі.