Дыяспарам пішуць боты і прапануюць уступіць у Полк Каліноўскага. Расказваем, што адбываецца і як абараніцца

У чатах беларусаў Грузіі з'явіліся паведамленні пра тое, што ўдзельнікам чата піша нейкі акаўнт Васіль. Спачатку ён пытаецца ў людзей, дзе яны працуюць і прапануе працу ў Палку Каліноўскага. Пасля патрабуе яшчэ больш звестак. Але гэта бот — вось, як мы гэта зразумелі.

22.07.2024 / 16:51

Скрыншот перапіскі з ботам «Васілём»

Хто стаіць за стварэннем бота і ў чым сэнс гэтай кампаніі — невядома.

Што адбылося?

Сёння ўдзень людзі ў чаце «Беларусы Батумі» пачалі масава паведамляць пра тое, што ім піша па-руску нейкі чалавек, які настойліва прапануе ўступіць у Полк Каліноўскага. Яго ID — 6644934864, а акаўнт зусім новы і без аніякіх слядоў.

Мы вырашылі таксама напісаць «Васілю». І адразу высветлілі, што гэта бот. Усе тэмы, акрамя ўступлення ў Полк Каліноўскага, ён ігнаруе. А пры спробах распытаць, якая ён мадэль і версія, а таксама якія каманды разумее — спачатку «аджартоўваецца», а пасля баніць.

Адказ ад бота, калі пытаешся ў яго пра каманды, якія ён разумее. Неўзабаве ён забаніў наш акаўнт

Як зразумець, што вам піша бот?

Па-першае, боты заўсёды аператыўна і разгорнута адказваюць. Жывыя людзі звычайна так не робяць.

Па-другое, ёсць некаторыя каманды, якія «збіваюць» ботаў. Калі стваральнік не наладзіў гэта, то вы можаце адкрыта спытацца, ці бот перад вамі.

Калі ён ухіліцца ад адказу ці адмовіць гэта, то скажыце, што вы хацелі б пачаць размову спачатку. У такім выпадку бот пачне размову ад самага пачатку, так, быццам ён напісаў вам толькі што — гэты трук працуе вельмі часта.

Скрыншот перапіскі з ботам «Васілём»

Агулам жа важна ведаць, што беларускія арганізацыі не пішуць усім запар у чатах дыяспараў і тым больш не патрабуюць ад іх аніякіх асабістых звестак. Калі напісалі вам — паведамляйце пра гэта іншым у чатах, а таксама медыя. Пастарайцеся запісаць ID ці юзернейм бота, каб было прасцей яго паўсюль забаніць ды прааналізаваць акаўнт.

Полк Каліноўскага афіцыйна пацвердзіў замену свайго камандзіра і заявіў пра рэфармаванне

Полк Каліноўскага адмаўляе датычнасць Рыка Крыгера да падраздзялення

Nashaniva.com