Былога палітвязня з Магілёва зноў пазбавілі волі
Суд Ленінскага раёна Магілёва 21 чэрвеня прысудзіў былога палітвязня Паўла Белаголава да рэальнага пазбаўлення волі з-за «паклёпу ў дачыненні да Лукашэнкі», піша Mayday.team.
22.07.2024 / 16:51
Павел Белаголаў
Паводле матэрыялаў справы, у лістападзе 2020 года Белаголаў пакінуў пад адным з ролікаў на ютубе негатыўны каментар у бок Лукашэнкі.
Суддзя Таццяна Рахманенка палічыла віну Паўла Белаголава даказанай і прысудзіла яго да 3 гадоў і 4 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У гэты тэрмін увайшоў таксама перыяд» неадбытага пакарання» пасля папярэдняга палітычнага прысуду, вынесенага Паўлу.
Першы раз 36-гадовага магілёўца судзілі ў жніўні 2022 года. Тады суд Дрыбінскага раёна прысудзіў яму 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ) — тады яго прызналі вінаватым у тым, што ў 2020 годзе пакінуў няўхвальны каментар у «ВКонтакте» адносна сілавіка, а таксама ў тым, што ў 2021 годзе ён негатыўна выказаўся на адрас застрэленага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка (так званая «справа Зельцэра»).
Пакаранне Белаголаў адбываў у ПК-1 Наваполацка, вызваліўся з калоніі ён у кастрычніку 2023 года. Але ў лютым 2024 года мужчыну затрымалі паўторна.
У тым жа месяцы над ім адбыўся суд па адміністрацыйнай справе па арт. 19.11 КаАП РБ. Тады суддзя суда Ленінскага раёна Наталля Панасенка прызнала яго невінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў « (арт.19.11 КаАП РБ). Але супраць яго завялі крымінальную справу паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса.
Ілюстратарку з Брэста асудзілі за данаты палку Каліноўскага на шэсць гадоў
Палітвязня, якога перазатрымалі ў дзень выхаду на волю, асудзілі яшчэ на год
Пасля 2 гадоў зняволення выйшаў на волю старшыня АГП Мікалай Казлоў