Топавы амерыканскі часопіс спрагназаваў, колькі беларусы заваююць медалёў на Алімпіядзе. У расіян будзе нуль

Амерыканскі спартыўны часопіс Sports Illustrated прадказаў пераможцаў і прызёраў ва ўсіх спаборніцтвах на Алімпійскіх гульнях у Парыжы, дзе будуць разыграныя 329 камплектаў медалёў у 32 відах спорту, піша Championat.com. 

23.07.2024 / 07:20

Фота: olympics.com

Sports Illustrated прадказаў два медалі беларускім спартоўцам, якія выступяць у нейтральным статусе.

На іх думку, скакун на батуце Іван Літвіновіч заваюе сярэбраны медаль (у Токіа-2021 у Літвіновіча было золата), а тхэквандыст Георгій Гурцыеў стане алімпійскім чэмпіёнам.

15 расійскіх спартсменаў выступяць у якасці нейтральных атлетаў у пяці відах спорту. Амерыканскае выданне не ўключыла ніводнага расійскага спартоўца на меркаваны алімпійскі подыум.

У Токіа-2021 у Расіі быў 71 медаль: 20 залатых, 28 сярэбраных і 23 бронзавых, у Рыа-дэ-Жанейра ў 2016 годзе — 55 (19+17+19).

На Алімпіядзе ў Парыжы выступіць мінімальная за ўвесь час колькасць беларусаў — 17 чалавек.

У Токіа-2021 было 108 беларускіх атлетаў, якія заваявалі сем узнагарод: адна залатая, тры сярэбраныя і тры бронзавыя, найменшая колькасць за ўвесь час.

На Алімпіяду ад Беларусі едзе мінімальная ў гісторыі колькасць удзельнікаў — 17 чалавек

Nashaniva.com