Якія кватэры і па якіх цэнах цяпер прадаюць у Новай Баравой?

Паглядзелі, што з нерухомасцю ў гэтым модным раёне каля сталіцы.

29.07.2024 / 08:00

Фота тут і далей: realt.by

Будаўніцтва жылога комплексу, які атрымаў назву Новая Баравая, пачалося ў 2014 годзе. Яркія панэлькі, прасторныя дзіцячыя пляцоўкі і сучасныя двары ўпадабала моладзь з добрымі даходамі. І хоць гэта прыгарад Мінска (вёска Копішча), цэны былі вышэйшыя за сярэднія па сталіцы. Але кватэры ў модным раёне размяталіся хутка.

Што тут прадаюць цяпер?

Самая танная кватэра з выстаўленых на продаж у Новай Баравой ацэнена ў 59 500 даляраў. Столькі просяць за кватэру-студыю агульнай плошчай 25,3 м².

Знаходзіцца яна на 5 паверсе васьміпавярховага дома 2022 года пабудовы. У памяшканні зроблены свежы рамонт, кватэра гатовая для пражывання. 

Год таму аналагічную кватэру плошчай 25,3 м² прадавалі за 54 тысячы.

За студыю плошчай 32,5 м² просяць ужо $69 900. Знаходзіцца яна ў нізкапавярховым доме павышанай камфортнасці. Зроблены сучасны рамонт, кватэра цалкам мэбляваная і з тэхнікай.

Іншыя студыі ў Новай Баравой каштуюць даражэй за $70 тысяч. 

Цэны на еўрадвушкі пачынаюцца з $78 тысяч, але гэта будзе кватэра з голымі сценамі. Цэны на двухпакаёўкі, гатовыя да пражывання, пачынаюцца з $95 тысяч.

У такую суму ацэнена, напрыклад, двухпакаёвая кватэра ў Новай Баравой плошчай 41 м².

Кватэра таксама прадаецца цалкам гатовая для засялення. Год пабудовы дома — 2021. У аб'яве пазначана, што прапанова аб продажы актуальна толькі цягам месяца. 

У цэнавым дыяпазоне да $100 тысяч у Новай Баравой прадаецца ўсяго 5 еўрадвушак.

За стандартную двухпакаёўку агульнай плошчай 63,3 м² з двума асобнымі пакоямі просяць $104 900. Месціцца яна на першым паверсе 11-павярховага дома 2017 года пабудовы.

Самая танная трохпакаёўка ў Копішчы прадаецца за $114 900. Але гэта не зусім тое жытло, якое ўяўляеш сабе, калі гаворка ідзе пра Новую Баравую. Кватэра знаходзіцца ў шараговай 9-павярховай панэльцы 2010 года пабудовы.

Тым не менш, плошча не малая — 86 м².

Гатовыя да пражывання еўратрошкі ў самой Новай Баравой прадаюцца па цэнах ад $124 900. Столькі просяць за трохпакаёвую кватэру агульнай плошчай 57,3 м².

Два жылыя пакоі маюць плошчу ад 12,6 да 13,2 квадратаў. Кухня-гасцёўня — 16 метраў.

Месціцца гэтая кватэра на 4 паверсе 6-павярховага дома 2020 года пабудовы. Як пазначана ў апісанні, жытло прадаецца часткова абсталяванае мэбляй і тэхнікай.

Цэны на паўнавартасныя трохпакаёвыя кватэры ў Новай Баравой стартуюць са $137-138 тысяч.

Столькі просяць за трохпакаёўкі агульнай плошчай пад 75 квадратаў. Гады пабудовы дамоў, у якіх яны знаходзяцца, — 2017-2018. 

За двухузроўневы трохпакаёвы пентхаўз агульнай плошчай 90,7 м² просяць $145 тысяч. Але гэта памяшканне з голымі сценамі.

Цэны на чатырохпакаёвыя кватэры з рамонтам у Новай Баравой пачынаюцца са $185 тысяч. Столькі просяць за кватэру агульнай плошчай 83 м². Месціцца яна на 14 паверсе 20-павярховага дома 2021 года пабудовы.

 

Нягледзячы на немалы кошт, памер жылых пакояў у гэтай кватэры вельмі сціплы — ад 10 да 12 квадратаў. Кухня-гасцёўня куды больш прасторная — 20 м². Затое ёсць адразу два санвузлы.

На гэты момант у Новай Баравой прадаецца ўсяго тры чатырохпакаёўкі коштам да $200 тысяч. 

Самая дарагая кватэра з выстаўленых на продаж у гэтым раёне — двухузроўневая чатырохпакаёўка агульнай плошчай 102,2 м².

Просяць за яе $299 900. «Кватэра ў малапавярховым доме з сучасным дызайнерскім рамонтам, цалкам мэбляваная і абсталяваная тэхнікай, вам застанецца толькі завезці асабістыя рэчы», — гаворыцца ў апісанні.

А што ў новабудоўлях?

Цэны на новыя кватэры ад забудоўшчыка пачынаюцца з $55 340 даляраў за кватэру-студыю плошчай 35 м². 

Еўрадвушкі з агульнай плошчай 39 м² каштуюць ад $58 260.

Трохпакаёвыя кватэры ў новабудоўлях прадаюць па цэнах ад $75 250 за 50 «квадратаў». А чатырохпакаёвыя — ад $103 тысяч за 76 м².

Сярэдні кошт квадрата ў Мінску па выніках другога квартала 2024 года такі:

Nashaniva.com