Старшыня Генштаба Вялікабрытаніі заявіў, што ёсць толькі тры гады, каб падрыхтавацца да вайны з альянсам дыктатур

Брытанскі генерал сэр Ролі Уокер заявіў пра неабходнасць аднавіць баяздольнасць брытанскай арміі да 2027-28 гадоў, бо ў гэты перыяд можа адбыцца «дэтанацыя» па ўсім свеце. Вось што ён мае на ўвазе.

24.07.2024 / 10:15

Брытанскія каралеўскія паветраныя сілы. Фота: Joe Giddens — PA Images / Contributor Getty Images

Паводле старшыні Генштаба Вялікабрытаніі генерала сэра Ролі Уокера, у перыяд з 2027 па 2028 год на планеце могуць адбыцца шматлікія вайсковыя эскалацыі з боку «Восі ўзрушэнняў», якой неафіцыйна называюць верагодны альянс Расіі, Кітая, Паўночнай Карэі і Ірана.

Рызыка гэтага сцэнара вялікая і патрабуе ад Вялікабрытаніі абсалютна тэрміновай неабходнасці аднавіць і тэхналагічна ўмацаваць баяздольнасць сваёй арміі за тры гады, паведамляе агенцтва Sky News са спасылкай на словы сэра Ролі Уокера.

Брытанскі генерал адзначае, што Расія з высокай доляй верагоднасці і незалежна ад вынікаў вайны ва Украіне захоча адпомсціць краінам Захаду, а Кітай хутчэй за ўсё нападзе на Тайвань. У той жа час Іран абзавядзецца сваёй ядзернай зброяй, а Паўночная Карэя выйдзе на новы ўзровень пагроз і эскалацыі.

І галоўнай небяспекай ва ўсім гэтым генерал называе тое, што магчымыя напады гэтых краін могуць адбыцца сінхронна і па дамоўленасці, перадае Sky News.

Нагадаем, што некаторыя вайсковыя сцэнары Трэцяй сусветнай вайны прадугледжваюць яе пачатак ужо ў наступным годзе. Так, у пачатку 2024 года нямецкае выданне Bild атрымала доступ да сакрэтнага дакумента Бундэсвера, у якім распісаны сцэнар паўнавартаснага расійскага ўварвання ў Еўропу ў 2025 годзе, да якога цяпер рыхтуецца НАТА. 

Паводле сцэнара, Расія гэтым летам можа пачаць актыўна здзяйсняць кібератакі на сістэмы НАТА і правакаваць беспарадкі ў краінах Балтыі з удзелам этнічных расейцаў, што стане падставай для правядзення ў верасні на тэрыторыі Беларусі вучэнняў «Захад-2024» з удзелам 50 тысяч расійскіх салдат.

На падставе вучэнняў Расія, паводле сцэнару, усю восень будзе нарошчваць свой вайсковы кантынгент і арсенал ракет у Беларусі каля межаў Літвы і Польшчы, адначасова робячы тое ж самае і з боку Калінінграда.

Інфаграфіка Рускай службы Bild

Потым у снежні 2024-га ў раёне Сувалкскага калідора Расія можа справакаваць «штучны памежны канфлікт» і «беспарадкі са шматлікімі ахвярамі», як гэта было ў 2021-м з нелегальнымі мігрантамі.

Усё гэта павінна будзе адбывацца ў разгар выбарчай кампаніі ў ЗША, калі ў краіны яшчэ не будзе абранага лідара.

«Менавіта ў той момант Расія пры дапамозе Беларусі можа зладзіць у раён Сувалкскага калідора вайсковае ўварванне, падобнае да расійскіх дзеянняў ва Украіне ў 2014 годзе», — піша Bild, спасылаючыся на сакрэтны дакумент Бундэсвера.

Па тым сцэнары чакаецца, што ў сакавіку 2025 года Расія перакіне ў Беларусь дадатковыя дзве танкавыя дывізіі і больш за 70 тысяч салдат. У адказ на гэта НАТА ў маі перакіне да межаў Расіі і Беларусі 300-тысячны вайсковы кантынгент, сярод якіх будзе 30 тысяч салдат з Германіі.

Далей, па сцэнары, павінен адбыцца «Дзень X» (поўнамаштабнае расійскае ўварванне і вайна з НАТА), зыход якога ў дакуменце застаецца адкрытым, адзначаў Bild.

Расійскія эліты вераць у поспех паўторнага ўварвання ва Украіну праз Беларусь — Зыгар

Што адбываецца ў Палку Каліноўскага і чаму байцы кажуць пра яго магчымае знікненне?

На беларуска-кітайскіх вучэннях пад Брэстам адпрацоўвалі захоп аэрапорта

Nashaniva.com