99-гадовы беларус вырашыў атрымаць пасведчанне аб нараджэнні

Міхаіл Фёдаравіч Лось з вёскі Індычы Камянецкага раёна ў пашпарце мае толькі год нараджэння — 1925, але замест даты — загадкавыя «іксы». Сітуацыю захацелася выправіць.

24.07.2024 / 07:59

Фота: Kamenec.by

Таму падсумоўваючы свой жыццёвы шлях, вырашыў атрымаць новы пашпарт з датай нараджэння. А для гэтага неабходна пасведчанне аб нараджэнні, але метрыка даўно страчана ў хвалях жыццёвых падзей, піша Kamenec.by.

Вольга Жыгальская, начальнік аддзела ЗАГС, кажа:

— Такія звароты з просьбай аднавіць дату нараджэння даволі рэдкія. У Міхаіла Лася маецца адзіны дакумент, дзе названая дата яго нараджэння, — 15 лютага, магчыма, з яго ж слоў, — гэта ваенны білет, выдадзены ў 1963-м, але гэтага недастаткова. Старшыня суда Камянецкага раёна Аксана Шкель, якая выязджала да Міхаіла Фёдаравіча дадому для апытання, звярнулася ў Гродзенскі нацыянальны гістарычны архіў. Але атрыманы адказ, што метрычнай кнігі за 1925 год з Арэпіцкай царквы (Жабінкаўскі раён), дзе хрысцілі малога Міхаіла, у іх няма.

Святар гэтага храма параіў звярнуцца ў епархіяльны архіў у Брэсце, але таксама прыйшоў адмоўны адказ. Былі зробленыя запыты і ў райваенкамат, і ў райаддзел грамадзянства і міграцыі — тое ж самае.

У выніку звярнулі ўвагу на запісы ў пасляваеннай гаспадарчай кнізе і на некалькіх яе старонках выявілі вышэйназваную дату нараджэння. Падчас размовы дачка і ўнучка Міхаіла Фёдаравіча ўспамінаюць, як кожны год 15 лютага віншавалі яго з днём нараджэння, затым усёй сям'ёй ішлі ў Свята-Пакроўскую царкву ў Арэпічах… Акрамя таго, запіс у ваенным білеце таксама ўсё ж стаў аргументам.

На 31 ліпеня, па ўзгадненні з Міхаілам Фёдаравічам, прызначана выязное пасяджэнне суда ў яго доме. І як толькі ўступіць у законную сілу рашэнне суда, яму будзе ўручана пасведчанне аб нараджэнні.

Nashaniva.com