Спевака — пастаяннага ўдзельніка афіцыйных канцэртаў — будуць судзіць за пратэсты

Беларускага спевака Руслана Мусвідаса будуць судзіць за ўдзел у пратэстах. Працэс над ім пачнецца ў пятніцу, 26 ліпеня, у судзе Партызанскага раёна Мінска. Інфармацыя аб гэтым зʼявілася на сайце Вярхоўнага суда, заўважыла «Люстэрка». Яшчэ 9 мая Руслан выступаў на афіцыйным святочным канцэрце.

24.07.2024 / 12:15

Руслан Мусвідас. Фота: Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр імя Фінберга

Абвінавачанне 47-гадоваму музыку выстаўлена па «народным» 342-м артыкуле Крымінальнага кодэкса за «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Менавіта па гэтым артыкуле судзяць усіх шараговых удзельнікаў мірных пратэсных маршаў, абвінавачваючы іх, як правіла, у тым, што яны ішлі па праезнай частцы, перашкаджаючы руху транспарту, і выкрыквалі лозунгі. 

@nashanivanews Праўладнага спевака будуць судзіць за пратэсты #беларусь #лукашенко #концерт #витебский #витебск #базар #песня #бт #телевидение #тэлебачанне #минск ♬ Stranger Things (From "Stranger Things") - Remaster - Collosia

Руслан Мусвідас — шматгадовы саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя Фінберга. Як гаворыцца ў яго біяграфіі, Мусвідас з Брэста, належыць да старажытнага шляхецкага роду, музыка ў чацвёртым пакаленні (яго дзядуля быў скрыпачом у літоўскім вайсковым аркестры) і выступае на сцэне з пяці гадоў. Перамагаў на мностве фестываляў і вакальных конкурсаў, а зараз выбірае пераможцаў сам: ён быў у журы праекта X Factor Belarus, які праходзіў на тэлеканале «Беларусь 1».

 

 Руслан Мусвідас на сольным канцэрце да свайго 45-годдзя. Фота: тэлеканал «Лагуна ТБ»

У спевака трое дзяцей. Хросным бацькам аднаго з іх, падобна, зʼяўляецца спявак і тэлевядучы Тэа (Юрый Вашчук), які прадстаўляў Беларусь на «Еўрабачанні»: у Instagram Руслан падпісаў здымак з ім, назваўшы Тэа «сябрам, паплечнікам і кумам». Старэйшы сын Мусвідаса, Ян, ужо таксама спявае на сцэне, выступаў на шоу «Ва ўвесь голас» на тэлеканале «Мір» у камандзе Беларусі пад кіраўніцтвам Руслана Аляхно.

 

Руслан Мусвідас і Тэа. Фота з Instagram

Руслан Мусвідас зʼяўляецца на большасці дзяржаўных канцэртаў — на святах, «Славянскім базары», рэспубліканскім выпускным вечары і гэтак далей, здымаецца ў навагодніх тэлеканцэртах 

Спявае ён і на выбарах. У адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года выступаў на «забаўляльнай праграме для жыхароў Заводскага раёна» на адным з выбарчых участкаў. Выступленне ён анансаваў у сацсетцы і не забыўся згадаць, што трэба схадзіць прагаласаваць. За гэты канцэрт Мусвідас атрымаў ганарар 1600 рублёў. 

 

Руслан Мусвідас. Фота з Instagram

А яшчэ нядаўна, 9 мая, Руслан спяваў на святочным канцэрце ля Палаца спорту. «Эх, путь-дорожка фронтовая, не страшна нам бомбежка любая», — відэа выканання гэтай песні ён апублікаваў тады ў Instagram. З таго часу публікацый на старонцы не было.

 

 Руслан Мусвідас на канцэрце да Дня Перамогі 9 мая 2024 года. Скрыншот: відэа з Instagram

Цяпер Руслану Мусвідасу пагражае пакаранне ў выглядзе арышту (да 3 месяцаў), альбо абмежавання волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, альбо пазбаўлення волі на тэрмін да 4 гадоў. 

Суддзёй па справе прызначаны Аляксандр Супічэнка. Ён працуе на пасадзе суддзі толькі два гады, прысягу прынёс у чэрвені 2022-га і быў прызначаны ў суд Партызанскага раёна на 5 гадоў. Супічэнка паспеў вынесці ўжо мноства палітычна матываваных прысудаў, як і яго калега з гэтай фатаграфіі Вольга Емяльянчанка.

 

 Новыя суддзі на прынясенні прысягі. Фота: Вярхоўны суд

Аб затрыманні Руслана Мусвідаса не паведамлялася. Магчыма, сілавікі зацікавіліся ім па выніках аблавы на івэнт-агенцтвы. У канцы мая — пачатку чэрвеня 2024 года сілавікі ўчынілі аблаву на нелаяльных кіраўнікоў і супрацоўнікаў святочных агенцтваў Беларусі. Былі затрыманыя прадстаўнікі ТАА «АП Івэнт», «Графіміл», ТАА «Івэнт-Кафэ», «Ружовай зебры», а таксама дыджэі і вядучыя. Тады зʼявіліся і «пакаянныя» відэа. Адно з іх запісаў вядомы спявак Саша Нема, сказаўшы, што ён удзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе.

Палітзняволеную маму блогеркі Вольгі Такарчук пачнуць судзіць 1 жніўня

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава

Чарговы хапун у Баранавічах — затрымалі адразу пяць чалавек

Сёння пачынаюць судзіць чарговую айцішніцу, якая вярнулася дадому з Польшчы

Nashaniva.com