Грузаперавозчыкі і камерсанты б'юць трывогу — даводзіцца перасаджвацца з «Мерседэсаў» на ГАЗэлі

Цягам апошніх месяцаў прыгон грузавога транспарту з не вельмі выгаднага пераўтварыўся ў амаль немагчымы.

25.07.2024 / 14:00

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images

Тры месяцы і плюс тысячы даляраў

Першая непрыемная навіна для тых, каму патрэбны камерцыйны транспарт, з'явілася напрыканцы сакавіка, калі стала вядома, што ў Беларусі ад красавіка ўводзяць новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору.

Праз павышэнне ставак імпарт грузавых мікрааўтобусаў агульнай вагой ад 2,5 да 3,5 тоны (якія падпадаюць пад вадзіцельскую катэгорыю «В») падаражэў на 12-17 тысяч рублёў (каля 3850-5400 даляраў ЗША). І гэта толькі сума, на якую вырас плацеж.

Сама стаўка ўтыльзбору выглядае так: 

За грузавік да 3 гадоў — 18 653 рублі (каля $6000). Было 6534 рублі (каля $2100). 

За грузавік, старэйшы за 3 гады, — 27 137 рублёў (каля $8650). Было 10 209 рублёў (каля $3250).

Але ўтылізацыйны збор — не адзіны абавязковы плацеж пры імпарце грузавога аўто ў Беларусь. Таксама неабходна аплаціць сукупны мытны плацеж, які складаецца з мытнай пошліны і ПДВ.

І калі праз павышэнне ўтыльзбору імпарт лёгкага камерцыйнага транспарту проста падаражэў, то прыняты 29 ліпеня новы пакет санкцый і тэхнічны рэгламент ЕС у дачыненні да Беларусі зрабіў прыгон такога транспарту амаль немагчымым.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images

Новыя санкцыі забараняюць экспарт у Беларусь грузавога транспарту. То-бок прынамсі легальным чынам зрабіць гэта немагчыма. 

Тым не менш, пры вялікім жаданні грузавік можа выехаць з ЕС у Беларусь пад відам міжнароднай перавозкі. Але ў такім выпадку ён даражэе на суму ПДВ у краіне рэгістрацыі. 

Таму ўмоўны Mercedes Sprinter, які ў Еўропе каштуе 15 тысяч еўра нета, будзе прыблізна на 20% даражэйшы праз немагчымасць легальна аформіць экспарт.

А гэта яшчэ каля 3000 еўра. Калі дадаць да гэтай сумы мінімум 3850 даляраў, на якія павысіўся ўтылізацыйны збор, атрымаецца, што грузавік дадасць у цане больш за 7 тысяч даляраў у параўнанні з тым, колькі ён каштаваў бы, прывязі яго ў Беларусь трыма месяцамі раней.

Як адрэагаваў рынак?

Суразмоўца, які займаецца грузаперавозкамі па Беларусі і Расіі, называе новую суму непад'ёмнай. Мужчына кажа, што прадаў адзін з двух бусаў у першай палове сакавіка, бо хацеў набыць сабе больш свежы транспарт з Еўропы. 

«Планаваў дадаць 3-4 тысячы, каб замест свайго 8-гадовага, набыць 3-5 гадовы бус у Польшчы. Не паспеў знайсці падыходзячы варыянт, як аб'явілі пра павышэнне ўтыльзбору. Давялося шукаць машыну ў Беларусі з тых, што прыгналі на продаж раней», — згадвае перавозчык.

Па словах мужчыны, рынак вельмі хутка адрэагаваў на новыя стаўкі і прадаўцы свежапрыгнаных бусаў пачалі перапісваць цэны. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Цэны раслі на вачах, таму хутка прыйшоў да высновы, што ўсё адно будзе лепей прыгнаць на замову з Еўропы, каб хоць быць упэўненым у тым, што не будзе падману з прабегам. Але зноў нічога не атрымалася, бо Еўрасаюз увёў новыя санкцыі і забараніў экспарт у Беларусь.

Пасярэднік, які дапамагаў шукаць машыну ў Еўропе, сказаў, што цяпер адзіны тэарэтычна магчымы шлях — гэта вываз без афармлення экспартнай дэкларацыі, то-бок без магчымасці вяртаць ПДВ.

Але займацца падобнымі схемамі яны не захацелі, бо асцерагаюцца наступстваў. Да таго ж, гэта яшчэ 23% да кошту ў Польшчы. Таму пошукі давялося спыніць і купіць бус, які ўжо паездзіў па Беларусі».

На думку перавозчыка, калі сітуацыя не зменіцца, цэны на бусы замежнай вытворчасці працягнуць расці, бо не кожны гатовы пасля Iveco ці Mercedes пераходзіць на расійскія ГАЗэлі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images

Іншы суразмоўца таксама быў вымушаны адмовіцца ад куплі грузавога мікрааўтобуса ў Еўропе.

«У нас на фірме працуе 4 мікрааўтобусы. Тры з іх прыганялі з Еўропы, адзін куплялі новым у Беларусі, калі ў нас былі прымальныя цэны на Renault Master. Звычайна стараемся абнаўляць машыны кожныя 3-4 гады. Цяпер давядзецца працягваць ездзіць на тым, што маем», — кажа прадпрымальнік.

Са слоў бізнэсмена, апошні раз ён прыганяў бус на фірму восенню мінулага года.

«Маю візу, таму летась сам ездзіў у Літву па бус. Сёлета таксама планавалі абнавіць адну машыну, але не будзем гэтага рабіць, бо цяпер замест 23 тысяч тая самая машына абыйдзецца ў больш, чым 30 тысяч», — скардзіцца бізнэсмен.

Nashaniva.com