У Францішка Скарыны ў Празе скралі пяро — гэта здарылася не ўпершыню
Невядомыя скралі элемент помніка ўсходнеславянскаму першадрукару.
24.07.2024 / 12:36
Архіўны калаж «Радыё Свабода»
Помнік Францішку Скарыну пастаўлены ў пражскіх Градчанах у 1996 годзе, яго аўтары — скульптар Эдуард Астаф'еў і архітэктар Юрый Казакоў. Першадрукар у левай руцэ трымае кнігу, а ў правай — пяро. Цяпер жа пяра няма, яго скраў невядомы.
Гэта не першы выпадак, калі невядомыя пашкоджваюць помнік Скарыне. Раней паліцыя зламыснікаў не знаходзіла, манумент аднаўляўся сіламі беларускіх актывістаў, піша «Свабода».
Фота: Радыё Свабода
Актывіст Віталь Цімашэнка распавёў, што пяро знікае не ўпершыню.
«Мы яго аднаўлялі некалькі разоў. Спачатку аднавілі ў Беларусі па аўтарскай форме, мы з братам яго вярнулі. Пазней шыльду адрывалі, таксама прыйшлося аднаўляць. Яшчэ раз з сябрам аднаўлялі пяро сем гадоў таму, тады вырашылі зрабіць пяро з цвёрдага пластыка, а не металу. Прычым вырабілі некалькі пёраў, з запасам.
Трэба будзе пашукаць, дзе гэта запасное пяро. Але будзем аднаўляць. Паліцыя папярэднія разы не знаходзіла вінаватага. Адбываецца гэта ноччу, няма ніякіх відэакамер, паліцыянты проста складалі пратакол і не знаходзілі вінаватых», — распавёў Віталь.
Актывісты гэтым разам вырашылі не звяртацца ў паліцыю, а аднаўляць помнік самастойна. Яны лічаць, што гэта, хутчэй за ўсё, правакацыя ці хуліганства. Магчыма, пяро скралі нейкія валацугі — думалі, што яно з металу.