Палітвязню Сяргею Яфімаву другі раз дадалі год зняволення
У судзе Барысаўскага раёна 16 мая Сяргею Яфімаву вынеслі прысуд па новай крымінальнай справе. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і прызначылі яму яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі. Гэта ўжо другі суд над палітвязнем па гэтым артыкуле, піша «Вясна».
24.07.2024 / 13:40
У лістападзе 2020 года гамельчука асудзілі на тры гады калоніі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі).
Згодна з абвінавачваннем, у Гомелі ўвечары 9 жніўня 2020 года ў раёне сквера Кірылы Тураўскага ён падбег да супрацоўніка АМАПа, распыліў пярцовы газ яму ў твар з газавага балончыка і ўдарыў яго ў галаву. На дапамогу міліцыянту падбеглі двое калег і спрабавалі затрымаць нападніка, той спрабаваў вырвацца, распыляў газ і нанёс аднаму з супрацоўнікаў «не менш за дзевяць удараў у вобласць галавы і тулава». На судзе Сяргей цалкам прызнаў віну.
Вядома, што пазней Сяргею ўзмацнілі пакаранне і перавялі яго на турэмны рэжым у Жодзіна. Там супраць яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Працэс па справе адбыўся ў чэрвені 2023 года ў судзе г. Жодзіна.
Суддзя Святлана Самусева прызначыла яму адзін год пазбаўлення волі. Пасля гэтага яго накіравалі адбываць тэрмін у папраўчую калонію № 14 г. Барысава.
Праз некалькі месяцаў пасля этапу ў калонію на Сяргея завялі ўжо другую крымінальную справу паводле арт. 411 КК. Па інфармацыі «Гомельскай Вясны», 16 траўня гэтага года ў судзе Барысаўскага раёна палітвязню прызначылі яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі. Такі прысуд вынесла суддзя Людміла Зінкевіч. Цяпер агульны тэрмін зняволення Яфімава складае пяць гадоў.
Сёння пачынаюць судзіць чарговую айцішніцу, якая вярнулася дадому з Польшчы
Былога палітвязня з Магілёва зноў пазбавілі волі