У махляроў новая схема — будуць прасіць уключыць дэманстрацыю экрана

Сучасныя махляры пастаянна абнаўляюць свае схемы. Калі раней ім хапала простага тэлефоннага званка, каб вас абвесці вакол пальца, то зараз яны асвоілі трансляцыю экрана падчас відэазванка, піша Onliner.by.

24.07.2024 / 15:17

Галоўны трук тут — прапанаваць вам стэлефанавацца па месенджары і папрасіць уключыць дэманстрацыю экрана. Махляры ствараюць у месенджары акаўнт, прыкідваючыся банкам, МУС, Нацыянальным банкам або любой іншай сур'ёзнай арганізацыяй.

На пачатковым этапе яны могуць тэлефанаваць па мабільнай сувязі (часцей за ўсё праз IP-тэлефанію), але потым угаворваюць перайсці ў месенджар. Там яны тэлефануюць з падробленага профілю і просяць вас уключыць дэманстрацыю экрана.

Затым яны могуць сказаць, што ім трэба правесці ідэнтыфікацыю па біяметрыі, праверыць ваш тэлефон на падазроную актыўнасць або прыдумаць якую-небудзь іншую нагоду.

Падчас дэманстрацыі экрана ашуканцы спрабуюць падгледзець як мага больш важнай інфармацыі: паролі з СМС, коды доступу ў банк, нумары картак і іншае. Яны могуць бачыць усё, што адбываецца на вашым экране, і накіроўваць вас, каб вы міжволі перадалі ім патрэбныя звесткі.

Для аферыстаў гэта вельмі зручна: не трэба задаваць лішніх пытанняў, якія могуць выклікаць ваш сумнеў. Дастаткова маніпуляваць вамі, каб вы самі паказалі ім усё, што трэба. Убачыўшы, якія сумы ў вас на рахунках, яны могуць угаварыць вас перавесці грошы на той самы «бяспечны» рахунак.

Каб не патрапіць у лапы такіх разумнікаў, памятайце:

Супрацоўнікі банкаў і міліцыі ніколі не звязваюцца з кліентамі праз месенджары (Telegram, Viber, WhatsApp і інш.).

Яны ніколі не папросяць вас ўсталяваць нейкі дадатак ці ўключыць дэманстрацыю экрана вашай прылады.

Яны ні пры якіх абставінах не патрабуюць аформіць крэдыты або перавесці грошы на «бяспечныя» рахункі.

Nashaniva.com