Гэтым летам збіраюцца запусціць цягнікі са Смаленска ў Віцебскую вобласць

У пачатку лета стартавалі цягнікі з Пскоўской вобласці.

24.07.2024 / 15:38

Прыгранічнае прыгараднае злучэнне запусцяць паміж Смаленскам і Віцебскай вобласцю гэтым летам, паведаміў намеснік начальніка пасажырскай службы — начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Белчыгункі Сяргей Шэмет падчас прэс-канферэнцыі, піша «Спутнік».

Ён нагадаў, што з 5 чэрвеня БЧ разам з Расійскай чыгункай арганізавалі пасажырскае злучэнне паміж Пскоўскай вобласцю і Беларуссю.

Цягнікі курсуюць па маршрутах Вялікія Лукі (Пскоўская вобласць) — Алешча (Віцебская вобласць) і Навасакольнікі (Пскоўская вобласць) — Алешча.

Шэмет падкрэсліў, што кірунак набірае папулярнасць, хоць попыт не вельмі вялікі.

«У завяршальнай стадыі рэалізацыі знаходзіцца ў нас кірунак: Смаленск — Асінаўка (да Оршы) і Смаленск — Заольша (кірунак да Віцебска). Нашы рэгіянальныя цягнікі эканом-класа будуць ехаць да Асінаўкі і перасаджвацца будуць ад Асінаўкі да Смаленска. Улетку гэтага года праект будзе рэалізаваны», — сказаў ён.

Nashaniva.com