Расійскія актывісты паскардзіліся патрыярху Кірылу на Веніяміна — ён не моліцца за перамогу

У Беларускім экзархаце РПЦ за перамогу Расіі над Украінай не моляцца — замест гэтага ў БПЦ абралі нейтральную «малітву аб міры».

24.07.2024 / 15:57

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Фота Барысаўскай епархіі

Расійскі Інстытут краін СНД, які займаецца «навуковым абгрунтаваннем і прасоўваннем расійскіх інтарэсаў у краінах СНД», правёў круглы стол на тэму «УПЦ: калабарацыянізм і спаведніцтва». 

На мерапрыемстве ў асноўным абмяркоўвалася становішча УПЦ Маскоўскага патрыярхату і так званы «ўкраінскі раскол». Аднак раптам размова на круглым стале зайшла і пра Беларусь, а канкрэтна пра прадстаяцеля БПЦ МП мітрапаліта Веніяміна.

Напярэдадні «Хрысціянская візія» заўважыла, што мітрапаліт на літургіі ў Петра-Паўлаўскім саборы ў Менску замест малітвы «Аб Святой Русі», якую абавязалі чытаць ва ўсіх храмах РПЦ і ў тэксце якой утрымліваецца фактычна прашэнне аб перамозе Расіі над Украінай, прачытаў нейтральную «Малітву аб міры прападобнага Сілуяна Афонскага».

Расейскія праваслаўныя актывісты ўгледзелі ў гэтым, ні многа ні мала, «першы крок да расколу». Пра гэта, у прыватнасці, напісаў Кірыл Фралоў — супрацоўнік таго самага Інстытута краін СНД, актыўны прапагандыст вайны з Украінай.

На круглым стале ён абмеркаваў з супрацоўнікам Акадэміі навук Дзмітрыем Куніцкім, які прадстаўляў Беларусь, адмову БПЦ ад чытання «малітвы аб перамозе». 

«Я лічу гэта крокам да расколу, які, як і вяртанне Беларусі да «шматвектарнасці» прадухіліць толькі перамога Расіі ў СВА», — напісаў Фралоў.

Паводле яго слоў, удзельнікі круглага стала звярнуліся да патрыярха Кірыла з просьбай аднавіць чытанне «малітвы аб перамозе « ў Беларускім Экзархаце РПЦ.

Без палітыкі і прашэння аб перамозе Расіі. У БПЦ напісалі сваю малітву аб «аднаўленні міру» ва Украіне

Віцебскі архіепіскап атрымаў беларускае грамадзянства і падарыў начальніку міліцыі кнігу пра ахвяру рэпрэсій

«Родной во сто крат российский солдат». У нядзельнай школе ў Гродне дзеці пішуць лісты расійскім вайскоўцам

Лукашэнка — кіраўніцтву БПЦ: Мы памятаем, як у 2020 годзе некаторыя святары заняліся, мякка кажучы, палітыкай

Nashaniva.com