Выйшла кніга паэзіі Уладзіміра Караткевіча

Зборнік, які пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда», — кніга вершаў «Бацькаўшчына светлая мая». Укладальнік — Віктар Шніп. Болей 100 вершаў сабрана пад адной вокладкай.

25.07.2024 / 12:04

Адкрывае кнігу верш «Орша», які быў упершыню надрукаваны ў сакавіцкім нумары часопіса «Полымя» за 1956 год.

Першая кніжная публікацыя «Оршы» — у зборніку Уладзіміра Караткевіча «Матчына душа», выдадзеным у 1958 годзе, піша Звязда.

Яна не блішчыць красою,
А ў сэрца навек запала,
З паркам сваім змарнелым,
З сваёй Кабылянскай гарой,
З лянівай сястрой Аршыцай,
Што летам бруіцца памалу
Ў шырокі, як песня наша,Ё
Магутны, сівы Дняпро.

<…> Тут нарадзіліся думкі,
Воля, імкненні, жаданні,
Тут стаў я сынам краіны,
Абпален яе агнём…
Таму і люблю я Оршу
Першым вялікім каханнем,
Якое не знікне, пэўна,
Нават з маім жыццём.

Тыраж паэтычнай «звяздоўскай» кнігі Уладзіміра Караткевіча — 1000 экзэмпляраў. Раней у Выдавецкім доме «Звязда» пабачылі свет укладзеныя Віктарам Шніпам паэтычныя зборнікі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, калектыўныя кнігі паэзіі мастакоў слова, чый лёс звязаны з Гродзеншчынай («Спрадвечны бераг»), Берасцейшчынай («Чыстая музыка неба», «Адчыненая хаціна»), Гомельшчынай («Жаўрукі над Палессем»), Віцебшчынай («Зямлі нязгаснае святло») і іншыя выданні.

Уладзімір Караткевіч. Як яму ўдалося застацца несавецкім і не скурвіцца? Ён дорага заплаціў

Nashaniva.com