Пяскоў заявіў, што Расія адкрытая для перамоваў

Але трэба зразумець, наколькі гатовая да іх Украіна, дадаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ.

25.07.2024 / 12:57

Фота: Alexei Danichev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Расія адкрытая для перамоваў, але трэба зразумець, наколькі гатовая да іх Украіна, ці мае яна дазвол на гэта ад сваіх куратараў. Пра гэта заявіў у гутарцы з журналістамі прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, піша ТАСС.

«Расія ў цэлым адкрытая для перамоўнага працэсу, але спачатку трэба зразумець, наколькі гатовы да гэтага ўкраінскі бок, і наколькі ён мае дазвол на гэта ад сваіх куратараў. Пакуль, вы бачыце, вельмі розныя заявы гучаць, пакуль не зусім зразумела», — сказаў ён.

Разам з тым ён сцвярджае, што Украіна не хоча перамоваў.

«Акрамя агульнай праблемы з легітымнасцю [Уладзіміра] Зяленскага, ёсць яшчэ праблема з фактычна заканадаўчай забаронай на якія-небудзь кантакты і перамовы з расійскім бокам, гэтыя забароны дзейнічаюць. Таму, тут яшчэ шмат усяго трэба будзе растлумачыць і пачуць нам з вамі нейкія тлумачэнні», — сказаў ён, адказваючы на пытанне, ці магчымыя перамовы з Украінай, пакуль Зяленскі застаецца ва ўладзе.

Nashaniva.com