Эфектыўнасць украінскіх дронаў за год упала ў чатыры разы

Працаваць дронам-камікадзэ становіцца ўсё складаней.

25.07.2024 / 14:20

Фота: Efrem Lukatsky / AP

«Доля паспяховых аперацый ударных дронаў зараз складае каля 10%. Год таму гэта было 40%», — сказаў Bild нямецкі ваенны эксперт. Сітуацыю ў Данецкай вобласці ён назваў «нядобрай», бо расіяне наступаюць і могуць «абысці з флангу ўкраінскіх абаронцаў ці нават ударыць ім у тыл». Такая пагроза існуе, напрыклад, у раёне Бахмута ці Тарэцка.

Іншы ваенны эксперт, які ваяваў за УСУ, паведаміў: «Вялікая праблема ў тым, што УС РФ становяцца ўсё лепшымі і лепшымі ў выкарыстанні глушылак, якія ствараюць радыёперашкоды. Працаваць дронам-камікадзэ становіцца ўсё складаней, бо спачатку трэба шукаць праломы ў расійскай сістэме падаўлення радыёчастот. Гэта азначае, што ўсё менш і менш дронаў дасягаюць сваёй мэты».

Украінскі салдат паведаміў Bild, што «на 1000 км фронту ў нас 400 заходніх БТР, сапраўдныя контратакі немагчымыя».

Паводле яго слоў, «недастаткова проста добра падрыхтаваць экіпаж» заходняй машыны, калі афіцэры УСУ пры гэтым «не навучаны агульнавайсковаму бою» з іх ужываннем. Гэта прыводзіць да «фатальных памылак», калі справа даходзіць да выкарыстання заходняй зброі ў баі.

«Галоўная праблема ў тым, што за два гады расіяне навучыліся правільна выкарыстоўваць свае ваенна-паветраныя сілы. Яны скідаюць на нас тысячы бомбаў кожны месяц, наносячы вялізную шкоду.

Расійская тактыка бамбаванняў не дазваляе нам абараняць гарады і вёскі з дастатковай колькасцю людзей. Бо салдатам патрэбныя пазіцыі, каб абараняць іх. А бамбардзіроўшчыкі РФ загадзя руйнуюць дзевяць дамоў з дзесяці і таму выдатна ведаюць, што мы сядзім у падвале апошняга. Менавіта на ім яны канцэнтруюць свой прыцэльны агонь», — распавёў афіцэр УСУ.

Nashaniva.com