Работнікі завода Tesla ў Германіі скралі з кухні 65000 кававых кубкаў

Дырэктар завода заклікаў супрацоўнікаў перастаць гэта рабіць і гатовы пайсці на крайнія меры — наогул прыбраць кубкі з кухні.

25.07.2024 / 16:39

Фабрыка Tesla ў Германіі. Фота: Wikimedia Commons

Работнікаў завода Tesla ў нямецкім Грунхайдзе настойліва папрасілі перастаць красці кававыя кубкі з кухні прадпрыемства.

Гэтую тэму на эмацыйнай сустрэчы з прафсаюзам з нагоды ўмоў працы і перапрацовак падняў дырэктар гігафабрыкі Андрэй Тырынг, піша DW.

У канцы сходу ён падняўся на трыбуну і расказаў работнікам і прадстаўнікам прафсаюза аб праблеме.

«Я проста назаву вам лічбу. Мы купілі 65000 кававых кубкаў з таго часу, як мы пачалі тут вытворчасць. 65000! Паводле статыстыкі, у кожнага з вас дома ўжо ёсць пяць кававых кубкаў Ikea», — заявіў Тырынг.

Ён адзначыў, што гатовы пайсці на крайнія меры — наогул прыбраць сталовыя прыборы з пакояў адпачынку.

«Я сапраўды стаміўся падпісваць заказы на куплю вялікай колькасці кававых кубкаў», — прызнаўся Тырынг пад смех і апладысменты супрацоўнікаў.

На гігафабрыцы Tesla на ўсход ад Берліна працуюць 12 тысяч чалавек, завод займае плошчу ў 300 гектараў.

У прафсаюза работнікаў IG Metall напружаныя адносіны з кіраўніцтвам фабрыкі. Нямецкая прэса і прафсаюзы адзначаюць шматлікія парушэнні правіл бяспекі і арганізацыі працы на Tesla — там фіксуюць вялікую колькасць няшчасных выпадкаў, работнікі часта перапрацоўваюць. Акрамя таго, гігафабрыку абвінавачваюць у парушэнні законаў аб навакольным асяроддзі.

Акцыянеры Tesla ўхвалілі выплату рэкордных $56 млрд Ілану Маску

У Кітаі выпусцяць копію Tesla Cybertruck для дзяцей

Ілан Маск анансаваў выхад рабатызаванага таксі Tesla

Nashaniva.com