Марыя Васілевіч расказала, як стала вядучай «Калыханкі». Кажа, гэта не дзеля папулярнасці

Былая «Міс Беларусь» нядаўна знайшла новую працу. Экс-дэпутатка парламента расказала, як атрымала прапанову стаць вядучай «Калыханкі» і якую ролю будзе там граць.

26.07.2024 / 10:50

Фота: БТ

Марыя Васілевіч кажа, што пасля сыходу з Палаты прадстаўнікоў абмяркоўваліся розныя варыянты вяртання на ТБ.

Адна з прапаноў паступіла ад канала «Беларусь 3», піша Sputnik.

«Пасля завяршэння працы ў парламенце абмяркоўваліся розныя варыянты майго вяртання на ТБ, у тым ліку была прапанова і з боку тэлеканала «Беларусь 3». Гэтую праграму я глядзела і сама ў дзяцінстве, таму ўнутраны водгук на прапанову ўзнік адразу. Пасля ўдалых спроб рашэнне было прынята канчаткова», — падзялілася Васілевіч.

Экс-дэпутатка сцвярджае, што не імкнецца стаць папулярнай праз «Калыханку», а хоча «стаць сапраўдным сябрам для дзяцей і даносіць правільныя каштоўнасці».

Ніякага канкрэтнага героя новай вядучай прыдумляць не сталі.

«З прадзюсарамі адразу прыйшлі да высновы, што ніякага героя мне прыдумляць не будзем. Я буду сабой — проста сучаснай дзяўчынай са сваімі інтарэсамі і захапленнямі. Таму фантазіраваць не прыйшлося, з першых секунд адчула сябе арганічна ў кадры, паколькі не раз мела досвед зносін з маленькай аўдыторыяй», — адзначыла Марыя.

Васілевіч кажа, што весці дзіцячую перадачу няпроста, таму што няпроста заваяваць увагу дзяцей. Яна лічыць, што ёй у гэтай справе дапаможа шчырая ўсмешка.

Таксама «Міс Беларусь — 2018» распавяла, што працягвае ўдзельнічаць у дабрачынных праектах і яшчэ раз дадала, што «будзе даносіць да дзяцей правільныя каштоўнасці».

Марыя Васілевіч нарэшце знайшла працу. З яе спрабуюць зрабіць замену Маляванычу

Nashaniva.com