Вялікабрытанія плануе распрацаваць ракеты, якія змогуць знішчаць расійскую ядзерную зброю

Плануецца, што ракеты радыусам дзеяння ў 3200 кіламетраў Вялікабрытанія будзе распрацоўваць сумесна з Германіяй.

26.07.2024 / 13:15

У Вялікабрытаніі разглядаюць магчымасць сумеснай з Германіяй вытворчасці дальнабойных ракет, якія змогуць знішчаць запушчаную Расіяй тактычную ядзерную зброю.

Ракеты атрымаюць радыус дзеяння 3200 кіламетраў. Размясціць гэтую зброю плануецца ў Германіі замест амерыканскіх ракет, якія будуць разгорнутыя ў 2026 годзе, піша Медуза са спасылкай на The Times.

У дыпламатычных колах Вялікабрытаніі лічаць, што амерыканскія ракеты павінны стаць толькі прамежкавым звяном еўрапейскай абароны, пакуль краіны Старога Свету распрацоўваюць сваю сучасную зброю.

Францыя, Італія, Польшча і Германія раней дамовіліся сумесна распрацоўваць ракеты далёкага радыусу дзеяння. Але кіраўніцтва Германіі прапанавала Вялікабрытаніі пачаць сумесную распрацоўку зброі і, брытанскі бок пагадзіўся. Верагодна, міністры абароны Вялікабрытаніі і Германіі, абмеркавалі гэтае пытанне на сустрэчы ў Берліне 24 ліпеня.

Крыніца ў брытанскіх абаронных колах заявіла The Times, што бакі разгледзелі розныя варыянты, але не прыйшлі да канчатковага рашэння. Вялікабрытанія не вырашыла, ці будзе ўступаць у двухбаковае або шматбаковае партнёрства. Міністры абароны Вялікабрытаніі Германіі падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой згадалі, што будуць працаваць «у галіне магчымасцяў далёкага дзеяння».

У Вялікабрытаніі насцярожана паставіліся да нядаўніх заяваў Уладзіміра Пуціна. Са слоў дыпламатычнай крыніцы, яны паказваюць на тое, што Расія зніжае парог ужывання тактычнай ядзернай зброі. У Лондане лічаць, што гэта трывожнае развіццё падзей.

Nashaniva.com