Урад ФРГ не каментуе магчымы абмен Крыгера. Ён выказаў занепакоенасць фільмам БТ
У Берліне заявілі, што такія відэа ўшчамляюць годнасць людзей.
26.07.2024 / 14:58
Скрыншот відэа БТ
МЗС Германіі выказала занепакоенасць фільмам БТ з удзелам асуджанага да смерці Рыка Крыгера.
У ведамстве лічаць, што такія відэа, якія не ўпершыню дэманструюцца беларускімі прапагандысцкімі СМІ, ушчамляюць годнасць людзей, паказаных у іх, піша DW.
Прадстаўнік МЗС Катрын Дэшаўэр заявіла, што ў Берліне «вельмі занепакоеныя, што годнасць чалавека ў значнай ступені ўшчамляецца» паказам такіх ролікаў.
Дыпламат заклікала беларускае кіраўніцтва ўстрымацца ад падобнай практыкі, а таксама запэўніла, што Берлін аказвае інтэнсіўную консульскую падтрымку Рыка Крыгеру.
Намеснік афіцыйнага прадстаўніка ўрада ФРГ Крысціян Хофман заявіла, што ў Берліне не каментуюць тэму магчымага абмену Крыгера. Напярэдадні беларускае тэлебачанне паказала фільм пра Рыка Крыгера, які выклікаў яшчэ больш пытанняў да яго справы.