Беларуска знайшла ў лесе рэдкі «грыб-васілёк». Што за ён?

Беларуска апублікавала ў тыктоку відэа са знаходкай грыба, які некаторыя называюць «лясным васільком». Што гэта за від і ў чым яго асаблівасць, піша Telegraf.news.

26.07.2024 / 20:24

Да 2005 года гэты грыб знаходзіўся ў Чырвонай кнізе Беларусі. Аднак і сёння ён нячаста сустракаецца на прасторах лясоў. У Расіі і Украіне гірапорус сінеючы па-ранейшаму знаходзіцца пад аховай.

«Лясным васільком» гэты від грыба празвалі за характэрную асаблівасць. На месцы зрэзу і пашкоджанняў пладовае цела пачынае набываць ярка выяўленую сінюю афарбоўку. Менавіта таму яшчэ адной назвай грыба з'яўляецца сіняк.

«Грыб ядомы і валодае прысмакам ляснога арэха. Вельмі смачны ў смажаным і сушаным выглядзе», — расказала аўтарка відэароліка.

@vitaliavita9 ♬ оригинальный звук - Vitalia

Многія карыстальнікі пагадзіліся з аўтаркай і адзначылі, што па смаку «лясны васілёк» пераўзыходзіць баравікі.

«У нас яго называюць сіняк. Ён смачнейшы за баравік, шкада, але іх у нашых лясах мала…», — напісала адна з карыстальніц.

«У нас сіняўка! Пасля варэння становіцца белы-белы і смачнейшы, чым сапраўдны белы грыб!», — пакінула свой каментар яшчэ адна беларуска.

«Гэты грыб у нас на Палессі ў Беларусі называюць белы палявы. Часцей за ўсё сустракаў на пяшчаніку», — падзяліўся назіраннем адзін каментатар.

«Мой бацька іх называў сінюшкамі», — напісаў яшчэ нехта.

Некаторыя карыстальнікі тыктока не змаглі адрозніць знаходку ад польскіх грыбоў, якія таксама злёгку сінеюць пры націсканні, а некаторыя зблыталі з махавіком.

Гірапорус сінеючы расце ў лясах і стэпах з ліпеня па верасень. Ён адносіцца да другой катэгорыі і прыдатны ў ежу пасля тэрмічнай апрацоўкі. Добры ў вараным, смажаным і марынаваным выглядзе. Грыб багаты пігментным рэчывам балятолам, якое ўжываецца ў медыцыне як антыбіётык. Ён вельмі карысны для вегетарыянцаў і людзей, якія трымаюць пост, паколькі змяшчае вялікую колькасць бялку.

«25 літраў за 2 гадзіны». Грыбныя трафеі з лясоў сталі больш разнастайнымі

З пачатку года 36 чалавек зніклі ў лясах падчас збору грыбоў і ягад. Міліцэйскі чыноўнік ведае, хто вінаваты

«Як дзьмухаўцоў у полі». Беларусы расказалі, якія грыбы сталі з'яўляцца пасля ўстойлівай спёкі і кароткіх дажджоў

Навукоўцы спрагназавалі, які сёлета будзе ўраджай грыбоў і ягад

Nashaniva.com