Стала вядомая асоба вагнераўскага блогера Grey Zone з 550 тысячамі падпісчыкаў, які загінуў у Малі
Фота Мікіты Фядзяніна паказалі найміты-неанацысты з ДШРГ «Русіч».
28.07.2024 / 03:18
Час, калі блогер Мікіта Фядзянін пайшоў на вайну, дакладна невядомы. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Мікіту Фядзяніну было 29 гадоў, родам ён з Ліпецка. Звестак пра яго няшмат.
Фядзянін быў гендырэктарам дзвюх кампаній у Маскве: «Алівэта», якая займалася прыбіраннем памяшканняў і продажам аўто, а таксама «Глобал сістэмс»,у якой былі пазначаныя ажно 68 відаў дзейнасці. Акрамя таго, ён быў заснавальнікам яшчэ дзвюх ужо ліквідаваных кампаній: «Аніт-20» і «Лонтас».
Незразумела, ці спрабаваў Фядзянін стварыць бізнэс і ён прагарэў, ці ён быў проста падстаўной асобай. У апошніх базах з месцамі працы ён называў сябе «айці-спецыялістам» ды «сммшчыкам», але гэта было ўжо пасля стварэння канала Grey Zone.
Цікава, што яшчэ ў сярэдзіне мінулага года ў Фядзяніна былі даўгі, якія ён чамусьці не гасіў — памерам прыблізна каля $5100.
Мікіта Фядзянін. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Фядзянін заснаваў канал Grey Zone у 2019 годзе, меў псеўданім «Пяцісоты» ды «Белы». З адносна невялікага праекта ён вырас у адзін з найбольшых і ўплывовых правагнераўскіх каналаў. Акрамя распальвання варожасці і публікацыі забойстваў украінскіх вайскоўцаў, гэты канал з першых вуснаў асвятляў мяцеж Прыгожына і выдаваў шмат інсайдаў.
Канал нават трапляў у няміласць да расійскага генштаба за залішне актыўную крытыку расійскага камандавання.
Фядзянін таксама быў вельмі актыўны ў інтэрнэт-каментаванні. Толькі з пачатку гэтага года са свайго асноўнага тэлеграм-акаўнта ён пакінуў пад 30 тысяч паведамленняў. Там ён расказваў пра службу ў Афрыцы, публікаваў розныя байкі з фронту і жарты.
Там жа ён таксама шмат крытыкаваў камандаванне, напрыклад, пісаў, што ў плане аперацый у тыле ўкраінцы ў дзесяць разоў пераўзыходзяць расіян, хваліў тактыку «Азова». Апошняе паведамленне ад яго імені з'явілася 20 ліпеня 2024 года, у канале — 23 ліпеня 2024 года.
Днямі ў складзе атрада «Вагнера» Мікіта Фядзянін загінуў падчас зладжанай туарэгамі засады ў Малі. Ягонае цела трапіла на відэа, якое распаўсюджваецца ў інтэрнэце. Асобу мужчыны раскрылі найміты ДШРГ «Русіч», якія прытрымліваюцца неанацысцкіх поглядаў.
«Знатныя кілеры ўжо катаюцца па горадзе». У расійскім СК расказалі пра памілаваных Пуціным забойцаў
Помнік на магіле Прыгожына ў Пецярбургу аблілі белай фарбай. А ў руку ўставілі фалаімітатар ФОТАФАКТ