Хто такія туарэгі, якія разграмілі калону вагнераўцаў? І за што яны ваююць?

Народ, які жыве ва ўмовах матрыярхату і змагаецца за сваю дзяржаву.

28.07.2024 / 18:15

Туарэгі выконваюць танец з мячамі на мясцовым фестывалі ў Алжыры. Фота: Wikimedia Commons 

Туарэгі — народ, які пражывае на паўночным захадзе Афрыкі на тэрыторыі такіх краін, як Малі, Нігер, Буркіна-Фасо, Марока, Алжыр і Лівія.

Традыцыйнае рассяленне туарэгаў у Сахары. Фота: Wikimedia Commons

Туарэгаў часта называюць «сінімі людзьмі» з-за колеру іх адзення, які надае індыга — натуральны фарбавальнік. Туарэгі афарбоўваюць тканіну спецыфічным спосабам: эканомячы ваду, яны не насычаюць яе фарбай, а «ўбіваюць» яе камянямі. З часам фарба пачынае абсыпацца, і скура набывае сіняватае адценне.

Туарэгі лічацца адважнымі і бясстрашнымі ваярамі, пры гэтым у іх грамадстве пануюць падзел на касты і матрыярхат, нягледзячы на ​​тое, што яны вызнаюць іслам суніцкага толку.

Мужчына можа перамяшчацца ўверх па сацыяльнай лесвіцы, толькі калі ажэніцца з жанчынай больш высокага становішча.

Пры гэтым твар у туарэгаў закрываюць не жанчыны, а мужчыны. У дзень паўналецця юнак атрымлівае ад бацькі спецыяльную накідку, даўжыня якой можа даходзіць да 40 метраў. З гэтага моманту ён лічыцца дарослым. Паказвацца на людзях без накідкі яму ўжо нельга, толькі падчас ежы яе можна апусціць да падбародка. Такі звычай можа быць звязаны з неабходнасцю абароны ад пяскоў пустыні.

Маладыя на вяселлі. Фота: Wikimedia Commons

Маёмасць і жывёла ў туарэгаў належаць жанчыне. Яна таксама мае права мець каханкаў да і пасля вяселля. Пасля вяселля муж на працягу года праходзіць выпрабавальны перыяд у доме жонкі. Калі ён пройдзе яго паспяхова, то мае права забраць жонку да сябе.

Найбольшую цікавасць у этнографаў выклікаюць звычай туарэгаў (асабліва касты воінаў), які нагадвае спаборніцтвы кшталту рыцарскіх турніраў, а таксама культ прыгожай дамы. Каб дабіцца кахання жанчыны, туарэгі павінны не толькі прадэманстраваць сваё майстэрства воіна, але і спяваць песні на ўласныя словы. Гэты звычай праз арабаў трапіў у раннесярэднявечную Еўропу.

За што змагаюцца туарэгі

Расселеныя па тэрыторыі некалькіх краін паўночна-заходняй Афрыкі, туарэгі цяпер не маюць ні дзяржавы, ні аўтаноміі. У сярэднявеччы яны змаглі стварыць некалькіх дзяржаўных утварэнняў, якія, праўда, нядоўга праіснавалі.

Туарэгі — ваяўнічы народ. Да пачатку каланіяльных заваёваў Афрыкі пад іх кантролем знаходзіліся асноўныя гандлёвыя шляхі ў Сахары.

У час каланіяльнай эры туарэгі былі ўключаны ў Французскую Заходнюю Афрыку. У адрозненне ад многіх іншых народаў Сахары гэты народ на працягу доўгага часу аказваў супраціўленне новай уладзе.

Так, напрыклад, у 1916-1917 гадах адбылося адно з самых буйных паўстанняў туарэгаў на поўначы сучаснага Нігера, якое было жорстка задушана французамі толькі з дапамогай брытанскага войска. У цэлым у калоніі Нігер каланіяльныя ўлады змаглі падпарадкаваць туарэгскія плямёны толькі ў 1923 годзе.

Калі ў 1960-х гадах афрыканскія краіны дабіліся шырокай незалежнасці, традыцыйная тэрыторыя туарэгаў была падзелена паміж шэрагам сучасных дзяржаў: Нігер, Малі, Алжыр, Лівія і Буркіна-Фасо. Палітычная нестабільнасць і канкурэнцыя за рэсурсы ў Сахелі з тых часоў прывялі да канфліктаў паміж туарэгамі і суседнімі афрыканскімі групоўкамі.

Дзяржавай, у якой туарэгскае пытанне стаіць найбольш востра, з'яўляецца Малі. З моманту набыцця незалежнасці Малі ў 1960 годзе пачаў сваю дзейнасць Туарэгскі рух за незалежнасць.

Барацьба за самастойнасць вылівалася ў паўстанні. Найбольш буйныя з іх адбыліся ў 1990-1995 і 2007-2009 гадах на поўначы Малі і ў Нігеры. Пасля іх падаўлення паўстанцы эмігравалі ў Лівію, дзе іх падтрымліваў лідар Лівійскай Джамахірыі Муамар Кадафі. Частка з іх атрымала магчымасць служыць у лівійскай арміі. Пасля падзення рэжыму Кадафі туарэгі трапілі пад рэпрэсіі новага ўраду краіны і вярнуліся на поўнач Малі, дзе стварылі «Нацыянальны рух вызвалення Азавада».

У красавіку 2012 года Нацыянальны рух падняў паўстанне на поўначы Малі. Пад кантролем паўстанцаў апынуліся дзве траціны дзяржавы. Была абвешчана Незалежная дзяржава Азавад.

У ходзе антытэрарыстычнай аперацыі, якая пачалася ў студзені 2013 года з удзелам французскіх узброеных сіл, паўстанцы былі разгромлены.

У 2015 годзе канфлікт скончыўся мірным пагадненнем. Улады Малі абяцалі туарэгам частковую аўтаномію. Але абяцанні засталіся на паперы, а сітуацыя абвастрылася пасля ваенных пераваротаў 2020-2021 гадоў у Малі.

Пасля іх Парыж пад ціскам новых уладаў вывеў свой ваенны кантынгент з краіны. Яго месца занялі расійскія наёмнікі з ПВК «Вагнер».

Вагнераўцы ў Малі. Фота: French Army via AP

31 снежня 2023 года спыніла дзейнасць шматпрофільная комплексная місія ААН па стабілізацыі ў Малі. У выніку на поўначы рэспублікі на мяжы з Алжырам рэзка ўзрасла актыўнасць туарэгаў.

У пачатку 2024 года ўлады краіны аб'явілі аб разрыве мірнага пагаднення 2015 года. Гэта прывяло да новага вітка напружанасці паміж сепаратыстамі, сярод якога створаная ў 2014 годзе кааліцыя некалькіх груповак туарэгаў «Каардынацыя рухаў Азавада», і афіцыйнымі ўладамі Малі, якіх падтрымлівае Расія.

Сёння стала вядома, што туарэгі ў баі з расійскімі наёмнікамі і малійскай арміяй забілі больш за 80 вагнераўцаў, сярод іх і камандаванне.

Туарэгі абвясцілі незалежнасць сваёй дзяржавы

У Малі ў засадзе туарэгаў загінулі больш за 80 байцоў ПВК «Вагнер»

Што рухае пераваротамі ў Заходняй Афрыцы?

Новы прэм’ер Малі год жыў у Мінску і дзесяць — у Маскве. Як былая французская калонія ператвараецца ў фарпост Расіі ў Афрыцы

Антось Жупран