Аб'ехалі Беларусь за чатыры гады: сям'я наведала ўсе 118 раёнаў
На скрэтч-карце сям'і Захарэвічаў адкрыты ўсе 118 раёнаў Беларусі. Апошнюю птушачку паставілі ў Добрушы восенню мінулага года, расказвае «Точка».
28.07.2024 / 16:36
Фота тут і далей: архіў сям'і Захарэвічаў
Цяпер падарожнічаюць ужо па другім крузе — сцерлі амаль палову новенькай скрэтч-карты Беларусі. І спыняцца не збіраюцца. Упэўнены, у краіне яшчэ ёсць што паглядзець і куды з'ездзіць у выхадныя.
Аляксандр калісьці быў упэўнены: падарожжы — гэта толькі пра замежжа. Як і некаторыя беларусы, ён доўгі час лічыў, што ў сваёй краіне мала цікавага. Пакуль аднойчы жонка не паказала яму здымак прыгожага касцёла ў Гервятах Гродзенскай вобласці.
«Я не мог паверыць, што гэта ў Беларусі. Мы паехалі, паглядзелі — я быў у шоку. Раней жа наогул не думаў, што можна падарожнічаць па Беларусі», — успамінае Аляксандр.
З гэтай паездкі пачалося вялікае падарожжа па сваёй краіне, якое расцягнулася на чатыры гады. За гэты час — больш за 130 выездаў з Мінска.
«Бывала, што ў нейкія будныя дні пасля працы можам увечары кудысьці выехаць па Мінскай вобласці. Захацелася пагуляць па Нясвіжы — заехалі па шляху ў Ганцавіцкі і Ляхавіцкі раёны. У выхадныя стараемся рэгулярна кудысьці выязджаць», — кажуць муж і жонка.
Не проста птушачка на карце
Падарожжы плануюць разам. Першапачаткова арыентаваліся на сцёртыя раёны сваёй скрэтч-карты: выбіралі, дзе яшчэ не былі, часам захоплівалі некалькі раёнаў адразу. Потым вывучалі, што можна паглядзець, складалі маршруты.
«У некаторыя раёны вярталіся двойчы. Асабліва спадабалася Гродзенская вобласць — багатая на славутасці. Мы не проста ставім птушачку на карце, мы стараецца вывучыць усё самае асноўнае», — распавядае Аляксандр.
Сям'я ладзіць свае маршруты так, каб паглядзець як мага больш помнікаў архітэктуры: старадаўнія сядзібы, палацы, замкі. І адрэстаўраваныя, і тыя, якія амаль разбураныя. Часам, вядома, ахопліваюць і прыродныя прыгажосці — спадабаліся балота ў Ельні, «беларускія Мальдывы».
«Руіны мы таксама любім — хочацца паспець паглядзець яшчэ хоць нешта, што пакуль не разбурылася пад уплывам часу без рэканструкцыі», — кажуць Саша і Аня.
У блогу — падзел абавязкаў. Усе пасты робіць жонка. Фотаздымкі — таксама Ганна. Раней атмасферныя фота Аляксандр здымаў з коптэра — прыйшлося з ім развітацца з-за новаўвядзенняў у законах. Але кадры ад гэтага горш не сталі. Цяпер Саша вядзе сторыс у Instagram з месцаў наведвання.
Што спадабалася
Зачапілі мужа і жонку больш за ўсё паездкі па Гродзенскай вобласці — там захавалася шмат прыгожых помнікаў. Менавіта гэты рэгіён часцей за ўсё наведваюць Аня і Саша.
Што больш за ўсё запомнілася? Сядзіба французскіх дваран дэ Вірыён у вёсцы Лішкі. Пабудаваная ў 1883 годзе, яна паступова руйнуецца. Але адносна добра захавалася, і там ёсць на што паглядзець.
Сядзіба Святаполк-Чацвярцінскіх у вёсцы Жалудок — яшчэ адзін пункт на карце, якую рэкамендуюць да наведвання суразмоўцы. Пабудавана яна ў пачатку ХХ стагоддзя, але радавое гняздо існавала нядоўга — яго нацыяналізавалі. Падчас Другой сусветнай Жалудок разбурылі, аднак сядзіба ацалела — у ёй размясцілі бальніцу. Пасля вайны была разгромлена, а потым канчаткова закінута.
У вёсцы Грудзінаўка Быхаўскага раёна знаходзіцца яшчэ адна сядзіба, куды часта любіць прыязджаць сямейства, — графскі дом Талстых XIX стагоддзя. Гэта невялікі двухпавярховы палац з купалам, калонамі, параднай лесвіцай і адкрытай тэрасай з выглядам на парк. Нажаль, таксама паступова руйнуецца.
Палац Валовічаў у вёсцы Свяцк пад Гроднам — таксама месца, якое рэкамендуюць наведаць заўзятыя вандроўнікі. Помнік архітэктуры XVIII стагоддзя адноўлены. Па сваёй архітэктуры ён нагадвае французскі Версаль з прыгожым паркам. На тэрыторыі ёсць гасцініца, бровар, а таксама забавы.