Сяброўка «Народнай грамады», якая пісала даносы ў КДБ, вярнулася ў Беларусь і дала інтэрв'ю прапагандыстам
Анонс інтэрв'ю з'явіўся на АНТ.
29.07.2024 / 09:28
Вольга Цішкевіч. Скрын відэа АНТ
Вольга Цішкевіч доўгі час узначальвала магілёўскае аддзяленне партыі «Народная грамада», якой кіраваў Мікалай Статкевіч.
Вольга сябравала з былым актывістам адыёзнага НОД («Народна-вызваленчы рух») Аляксеем Галавіным. Праславіўся ён тым, што прыходзіў на акцыі, якія арганізоўваў Статкевіч, і на ўсе заклікі крычаў «Пайшлі на…».
Калі меркаваць па яе фэйсбук-старонцы, Вольга выехала з Беларусі ў чэрвені 2022-га, да гэтага жыла ў Беларусі.
Калі «Кіберпартызаны» выклалі базу даносаў, там знайшоўся зварот ад Цішкевіч.
«У Магілёве 29 лістапада будзе праходзіць ток-шоу з Эдуардам Пальчысам, якога асудзілі за распальванне варожасці. Шоу накіраванае супраць Саюзнай дзяржавы і супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, носіць варожы характар. Прашу вас прыняць меры. З павагай, грамадзянка РБ, Вольга».
Звесткі, якія пакінулі пад зваротам у КДБ, супадаюць са звесткамі Цішкевіч.
Але сама Вольга адмаўляла, што пісала данос на Эдуарда Пальчыса: нібыта яна давала камп'ютар «суседу-ябацьку», які мог напісаць даносы.
Цішкевіч збіралася балатавацца ў Каардынацыйную раду, але пасля скандалу з яе даносам жанчыну выключылі са спісаў кандыдатаў.
Калі яна вярнулася ў Беларусь, невядома.
У анонсе інтэрв'ю АНТ Вольга расказвае пра Каардынацыйную раду, палітвязняў, грошы ў партыі і дроны, якімі нібыта збіраліся ўдарыць па Беларусі.
Двое сяброў «Народнай грамады» пісалі даносы ў КДБ. Хто яны і як тлумачаць сітуацыю?
Магілёўская каардынатарка Статкевіча стукала на Пальчыса. А цяпер лезе ў Каардынацыйную раду