18-гадовага хлопца з Быхава судзяць за «здраду дзяржаве» за «сувязі з СБУ»

У Магілёўскім абласным судзе 29 ліпеня пачалі судзіць 18-гадовага хлопца з Быхава Станіслава Шапеля.

29.07.2024 / 10:46

Скрыншот АНТ

Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса) нібыта за «сувязі з СБУ». Падрабязнасці пераследу Станіслава паведамляліся ў прапагандысцкім фільме АНТ. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Павел Клімаў. Хлопцу пагражае ад сямі да 15 гадоў калоніі, піша «Вясна».

Як паведамлялася ў фільме АНТ «Дети на прицеле. Завербованные врагом», Станіслава вінавацяць у тым, што ён згадзіўся быць кур'ерам для «арганізацыі, якую курыравала СБУ».Там яго прадставілі як агента ўкраінскіх спецслужбаў — маўляў, хлопец запісаў відэа, што «гатовы працаваць супраць ФСБ і Пуціна». Але на момант здымкі фільма ён ужо адбываў пакаранне ў калоніі за «махлярства».

Як пісала «Наша Ніва», суд адбыўся ў траўні 2024-га. Прысуд невядомы, тэрмін можа складаць ад 3 да 10 гадоў калоніі са штрафам.

Згодна з фільмам АНТ, у студзені 2023 года тады яшчэ 16-гадовы хлопец з шматдзетнай сям'і шукаў працу ў інтэрнэце. Ён натрапіў на махляроў, якія прапанавалі працу кур'ерам — забіраць і перавозіць грошы. Станіславу сказалі запісаць відэа, на якім ён заявіў, што падтрымлівае Украіну і быццам бы згаджаецца працаваць для СБУ.

«Я, Станіслаў Шапель, Магілёў. Выступаю супраць вайны ва Украіне і Пуціна. Падтрымліваю Украіну. Гатовы працаваць супраць ФСБ і пуцінскага рэжыму, перадаваць даныя дыслакацыі расійскіх войскаў і аказваць іншую дапамогу ў вайне супраць Расіі. Буду спансіраваць і працаваць на СБУ. Слава Украіне!» — гаворыцца на відэа.

Сапраўдная пазіцыя хлопца пры гэтым невядомая.

Nashaniva.com