На вайне ва Украіне зноў загінуў індыец, які ваяваў за Расію

Сваякі сцвярджаюць, што мужчыну завербавалі ў расійскае войска падманам.

29.07.2024 / 16:35

Ілюстрацыйнае фота: Policía de patrullas de Ucrania via AP

На вайне ва Украіне загінуў індыец, завербаваны ў расійскую армію.

Гэта ўжо пятая пацверджаная смерць грамадзяніна Індыі на фронце за апошні час, піша Бі-бі-сі са спасылкай на AFP.

22-гадовы Раві Мун адправіўся ў Расію ў студзені, пасля таго як прыватны агент па працаўладкаванні паабяцаў яму працу ў сферы транспарту.

Аднак на месцы яго навучылі валоданню зброяй і ў сакавіку адправілі на фронт, расказаў брат мужчыны Аджай.

«Страціўшы з ім сувязь, я звярнуўся ў амбасаду Індыі ў Маскве, дзе нам паведамілі, што мой брат памёр», — адзначыў ён, дадаўшы, што амбасада папрасіла сям'ю даслаць узоры ДНК для апазнання цела Муна.

Сваякі таксама звярнуліся па дапамогу ў офіс прэм'ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі, каб вярнуць цела на радзіму.

На мінулым тыдні Міністэрства замежных спраў Індыі заявіла, што ўрад працягвае працаваць з расійскімі ўладамі, каб вярнуць каля 50 індыйцаў, якія ваююць у расійскай арміі.

У пачатку ліпеня стала вядома, што расійскія ўлады пачалі выплачваць кампенсацыі сем'ям грамадзян Індыі, якія былі завербаваныя на вайну і загінулі там. Гэтае пытанне на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным падымаў нядаўна Нарэндра Модзі.

Індыя забірае сваіх грамадзян з вайны ва Украіне

Расія вярбуе ў сваё войска маладых афрыканцаў — Bloomberg

Расія завербавала на вайну супраць Украіны 200 непальцаў, 14 ужо загінулі

Nashaniva.com