На Гродзеншчыне дэфіцыт дактароў-артадонтаў — чэргі на запіс па паўгода і больш

У адной з гродзенскіх прыватных клінік запіс да артадонтаў адновіцца ў маі 2025 года, у другой — у студзені. У рэгістратурах раяць звяртацца ў мінскія клінікі.

29.07.2024 / 12:23

Журналістка Hrodna.life як кліентка абтэлефанавала стаматалагічныя клінікі і даведалася, колькі прыйдзецца чакаць кансультацыі. А таксама — што да гэтага прывяло і як вам дапамогуць улады.

На сайце 103.by у Гродне пазначаны дзевяць клінік з артадантыяй, уключаючы дзяржаўныя. Але аказалася, што артадонты ёсць не ўсюды. У «Асклепія», «Мінт», «Алефком», «Андзі-Дэнт» такіх спецыялістаў няма.

Артадонт — гэта зубны лекар, які выпроствае зубы і прыкус з дапамогай брэкетаў, рэтэйнераў і іншых прылад і методык.

У «Артадэнт» запоўненая запіс на год. Новых пацыентаў будуць запісваць з траўня 2025 года. «Вельмі шмат ахвотных, мы не можам усіх прыняць», — сказалі праз тэлефон і параілі звярнуцца ў Мінск.

У «Аксідэнт» запіс да артадонта прыпынены да студзеня 2025 года. Там параілі тэлефанаваць у снежні — сітуацыя можа змяніцца. «Няма запісу, усё перапоўнена. Не бярэм нікога. І ў ліст чакання не бярэм», — папярэджваючы пытанні, кажуць у рэгістратуры. Там таксама раяць звяртацца ў Мінск.

У «Рэмдэнт» запіс не вядуць. Адзін артадонт пакуль у адпачынку, у другога — «шмат пацыентаў». Там параілі звярнуцца ў кастрычніку.

Што ў дзяржаўных клініках?

Датэлефанавацца ў іншае аддзяленне, акрамя тэрапеўтычнага, Цэнтральнай стаматалагічнай паліклінікі, не атрымалася. Але і там лекараў не хапае. «Чокнуцца можна», як паведамілі ў рэгістратуры.

«Запісвалі, у 6.00 прыходзілі, займалі чаргу, там толькі два талоны. І тое — аж праз 18 дзён яго запісалі», — распавяла медык пра досвед запісу ў Дзіцячую стаматалагічную паліклініку.

У рэгістратуры, даведаўшыся, што патрабуецца першасная кансультацыя для дзіцяці, паведамілі, што запіс пакуль наогул не вядзецца. Калі ён з’явіцца, інфармацыі няма. Параілі проста перыядычна тэлефанаваць.

Можна «на заўтра», але ў водгуках не раяць

Кансультацыю на заўтра можна атрымаць у прыватнай клініцы «Дэнтарыум». Яна каштуе 80 рублёў 37 капеек. Даведаўшыся, што на кансультацыю патэнцыйная кліентка будзе ехаць з Польшчы, параілі там і ставіць брэкеты. Маўляў, ну і што, што ў Польшчы даражэй — «Вы там і зарабляеце больш, чым у Беларусі». «Вы Х гадоў пражылі — вас нічога не палохала», — адказалі ў рэгістратуры на пытанне, ці можна раней, чым праз год, выраўняць зубы.

У клінікі ёсць сем водгукаў на сайце 103.by, усе — негатыўныя. Лаялі і «абсалютна няветлівага і агрэсіўнага мужчыну» ў рэгістратуры. «Агідны спецыяліст-артадонт, грошы бярэ не за працу, а за чытанне шматгадзінных лекцый. Вынікамі працы (брэкетамі) засталіся вельмі не задаволеныя, дамагчыся выпраўлення касякоў або вяртання грошай немагчыма, суцэльнае кідалава. Не раю аддаваць грошы ашуканцам!!!» — толькі адзін з іх.

Улады дапамогуць?

Магчыма, вам дапамогуць, калі вы звярніцеся ў Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама — напрыклад, на прамую тэлефонную лінію. Для гэтага трэба будзе назваць свае дадзеныя і апісаць праблему. Як менавіта змогуць вырашыць вашу праблему, даведацца не ўдалося.

Адкуль у Гродне чэргі да артадонтаў?

Пра недахоп стаматолагаў-артадонтаў Hrodna.life паведамлялі і год таму. Крыніцы Hrodna.life сярод медыкаў тлумачаць: артадонты эмігруюць. Асабліва складана запісацца да артадонта дзіцяці 11−13 гадоў, удакладняюць яны. Прычынамі эміграцыі называюць умовы працы, ціск, нявызначанасць з ліцэнзіямі і спробы ўсіх заштурхаць у дзяржустановы. Лекараў не хапае ва ўсіх гарадах. Лепш сітуацыя толькі ў Мінску.

Крыніцы таксама кажуць, што працу ўскладняюць новыя тарыфы, якія ўвялі ў 2023 годзе. Яны павінны былі знізіць кошты і зрабіць стаматалогію больш даступнай для беларусаў. Мяркуючы па публікацыях у СМІ, істотна яны на кошты не паўплывалі. На гарачую лінію з усіх зваротаў, якія паступілі, 39,8% пытанняў былі звязаны з цэнаўтварэннем (53 звароты).

У 2024 годзе вялікай часткай працы стала ідэалагічная. На сайце Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта апублікавалі План ідэалагічнай работы стаматалагічнай службы Рэспублікі Беларусь на 2024 год. У ім мерапрыемствы прафілактыкі і аздараўлення займаюць апошняе месца. Перад імі ідзе ідэалагічная праца.

Нават прыватным фірмам кожны трэці чацвер трэба праводзіць адзіныя дні інфармавання калектыву. Таксама трэба выхоўваць павагу да Дзяржаўнага сцяга, распавядаць пра выбары і ўдзельнічаць у дзяржаўных святах.

На тым жа сайце ёсць Анкета па вывучэнні задаволенасці кожнага работніка. У пераліку пытанняў ёсць і такое: «Сябрам якіх грамадскіх аб’яднанняў вы з’яўляецеся?». На выбар даюць чатыры — Беларускі саюз жанчын, БРСМ, Белая Русь і прафсаюз. Калі вас нідзе няма, трэба растлумачыць прычыну.

Артадонтаў не хапае і па афіцыйных дадзеных

Па статыстыцы ўладаў, у 2023 годзе працавала 12 709 медыцынскіх работнікаў (у 2022 — 12 938, у 2021 — 12 561), з якіх 4635 — урачы-стаматолагі розных кваліфікацый (у 2022 — 5245, у 2021 — 5236) і 7539 — работнікі з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй: зубныя фельчары, медыцынскія сёстры, зубныя тэхнікі і т.д. (у 2022 — 7595, у 2021 — 7325).

На 1000 насельніцтва ёсць ёсць 0,087 артадонтаў па фізічным асобам, 0,108 па штатным пасадам і 0,093 па занятым пасадам (пры нарматыве 0,135).

Згодна з рэзалюцыяй, улады да канца траўня 2024 года павінны былі правесці анкетаванне, прааналізаваць прычыны адтоку ўрачоў-стаматолагаў з дзяржаўных арганізацый за 2020−2023 гады, павялічыць набор на стаматалагічныя факультэты ўніверсітэтаў і распрацаваць комплекс мер па замацаванні ўрачоў-стаматолагаў на працоўных месцах.

Nashaniva.com