Самы загадкавы візіт. Лукашэнка не праясніў, пра што дамаўляўся з Пуціным на Валааме
Такой закрытай сустрэчы паміж Пуціным і Лукашэнкам яшчэ не было: трохдзённыя перамовы на востраве Валаам прайшлі амаль у поўным інфармацыйным вакууме, адзначаюць эксперты. Прапагандысты паабяцалі падрабязнасці ад Лукашэнкі. Сёння ён правёў адмысловую нараду па міжнародных пытаннях, дзе, як анансавала яго прэс-служба, і павінен быў распавесці пра вынікі перагавораў з Пуціным.
29.07.2024 / 12:42
Лукашэнка з Пуціным на Валааме, 26 ліпеня 2024 года. Фота: прэсавая служба прэзідэнта Расіі
Але Лукашэнка абышоўся старанна падабранымі агульнымі словамі. Ён распавёў, што з Уладзімірам Пуціным знайшоў паразуменне «па ўсіх пытаннях». «Непрымання абсалютна няма», — сказаў ён.
Лукашэнка дадаў, што «ўсе пытанні павінны быць вырашаныя да пачатку чацвёртага квартала», не раскрываючы гэтыя пытанні.
«З прэзідэнтам Расіі мы дамовіліся, што да гэтага моманту павінны быць закрыты ўсе праблемныя пытанні — і па лініі саўбезаў (аб гарантыях бяспекі), і па тэмах урада, — сказаў без удакладненняў Лукашэнка.
Але ён адзначыў, што ў парадку дня перамоў цэнтральнае месца займалі пытанні бяспекі.
«Яны закрыты характар мелі. Усе сілавыя структуры і міністры падключаныя, Міністэрства замежных спраў — па пэўных пытаннях. Вось сутнасць гэтых перамоваў. Я яшчэ раз падкрэсліваю: паразуменне знойдзена па ўсіх пытаннях, непрымання ніякага няма», — сказаў ён.
Адзінае, што прагучала больш канкрэтна, гэта тое, што Лукашэнка абмяркоўваў на сустрэчы з Пуціным новую формулу цэнаўтварэння на нафту, утылізацыйны збор і перадаплату за нафту.
Наконт перадаплаты Пуцін, са слоў Лукашэнкі, нават абурыўся.
«Гэтага быць не можа! Якая перадаплата? Усё жыццё працавалі без перадаплаты — зможам і далей працаваць», — перадаў Лукашэнка словы Пуціна.
Што расказаць пра сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным на Валааме, не ведае і прапаганда
Без Беленькага на Валааме таксама не абышлося ФОТАФАКТ
Не дамовіліся? Такой закрытай сустрэчы паміж Пуціным і Лукашэнкам яшчэ не было