Падсанкцыйныя люксавыя аўто ўрастаюць у зямлю ў латвійскай вёсцы на мяжы з Беларуссю. Сярод іх ёсць нават «Майбах»

Прыняты месяц таму новы пакет санкцый канчаткова закрыў дарогу ў Беларусь машынам з аб'ёмам рухавіка большым за 1,9 літра. Паглядзіце, якія аўто захраслі на падворку прыгранічнай латвійскай вёскі.

29.07.2024 / 17:45

Фота з сацсетак

Maybach, Gelentwagen і не толькі

У адным з тэлеграм-каналаў апублікавалі фота і відэа з падворку ў латвійскай вёсцы, якая знаходзіцца непадалёк ад Беларусі.

Аўтар відэа называе прэміяльныя аўто на транзітных нумарах «заброшанкамі». 

На відэа можна ўбачыць некалькі легкавушак BMW, сярод якіх ёсць прэміяльны седан 7-серыі. Машыны прыпаркаваныя проста побач з цяпліцамі.

Таксама ёсць пазадарожнікі BMW X7, Mercedes-Benz GLE і Mercedes-Benz G500 (у народзе «гелік») і нават адзін Maybach GLS. Усяго на падворку можна налічыць каля 10 аўто, якія дагэтуль застаюцца ў Латвіі. 

Фота з сацсетак

Адзначым, што гаспадарам гэтых аўто пашанцавала куды больш, чым уласнікам некалькіх дзясяткаў машын, якія латвійская мытня затрымала пры спробе выехаць на іх у Беларусь.

Паводле інфармацыі тэлеканала «Настоящее Время. Балтия», латвійская мытня затрымала каля 40 аўтамабіляў, бо мела падазрэнні, што канчатковы пункт прызначэння гэтых аўто не Беларусь, а Расія. Калі падчас дадатковай паглыбленай праверкі будзе даказана, што былі парушаны санкцыі, то гэтыя аўтамабілі могуць канфіскаваць. 

Пляцоўка на латвійскай мытні, на якой захоўваюцца аўтамабілі, якія чакаюць на дадатковую праверку. Фота: скрыншот з відэа.

Нагадаем, што Латвія заставалася апошняй краінай ЕС, што выпускала праз сваю мяжу аўтамабілі ў Беларусь, якія знаходзіліся пад санкцыямі ў Расіі. Першай экспарт такіх аўто ў Беларусь фактычна забараніла Польшча, а затым Літва. 

Раней вялікую колькасць прэміяльных аўто, якія так і не трапілі ў Беларусь, блогеры заснялі на літоўскім вясковым падворку на мяжы з Беларуссю, а таксама на паркоўцы рынку «Гарунай» у Вільні.

Літоўскі вясковы падворак на мяжы з Беларуссю выглядае, як аўтасалон па продажы прэміяльных аўто ВІДЭА 

Nashaniva.com