Ці пойдзе беларускі хлопец на першае спатканне з незнаёмкай у рэстаран, калі яна хоча сама аплаціць рахунак?

Тыкток-блогерка вырашыла правесці сацыяльны эксперымент і пачала першай пісаць хлопцам у дадатку для анлайн-знаёмстваў. Дзяўчына не проста прапаноўвала разам схадзіць у рэстаран, а яшчэ і абяцала аплаціць вячэру. Як думаеце, пагадзіліся?

30.07.2024 / 12:22

Скрыншот відэа ў тыктоку

Нярэдка можна пачуць папрокі ад мужчын, быццам дзяўчаты часта ходзяць на спатканні, толькі каб смачна павячэраць у шыкоўным рэстаране. Для гэтай з’явы нават прыдумалі не вельмі прыгожае азначэнне — «талерачніца».

А што будзе, калі сама дзяўчына прапануе заплаціць за сумесную вячэру? Праверыць гэта вырашыла тыкток-блогерка з Мінска, якая вядзе блог пад нікам lena_kozulya.

Яна даслала розным хлопцам у мабільным дадатку для знаёмстваў Twinby (расійскі варыянт тындару) адно і тое ж паведамленне: «Прывітанне. Лічу, што нам проста неабходна павячэраць разам. У рэстаран пойдзем? Я частую».

І вось што атрымалася. З дванаццаці хлопцаў палова пагадзілася на сустрэчу, але яны адзначылі, што плаціць павінен мужчына, таму самі закрыюць рахунак. Нехта нават прызнаўся, што пасля такой прапановы ад дзяўчыны пачырванеў.

Адзін з кавалераў адзначыў, што цяпер знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, таму дзяўчыне спачатку трэба пераадолець больш за 700 кіламетраў паміж Мінскам і паўночнай сталіцай Расіі, а далей ён разбярэцца.

Блогерка пісала хлопцам пасярод ночы, таму ў кагосьці ўзніклі сумневы наконт таго, ці дастаткова цвярозая цяпер дзяўчына. «У дзве гадзіны ночы такая прапанова больш падобная да сацыяльнага эксперыменту ці адсутнасці цвярозасці. Але калі раніцай планы не памяняюцца, то пойдзем вячэраць. Рэстаран ужо абраны ці гэта абмяркоўваецца?» — удакладніў яшчэ адзін з віртуальных суразмоўцаў.

Астатнія чатыры пагадзіліся на прапанову. Адзін з іх удакладніў, ці не аплаціць дзяўчына заадно і яго камуналку. А яшчэ адзін напісаў, што лічыць рэстаран не самым лепшым месцам для першай сустрэчы: «Я аддаю перавагу шаўрме ў Таццяны, але гэтае месца толькі для абраных».

Менш чым за суткі ролік набраў каля 370 тысяч праглядаў і больш за 15 тысяч лайкаў.

«Вай, ты мяне скарыла!» Журналістка «Нашай Нівы» пратэсціравала расійскі аналаг Tinder

З якой дзяўчынай хлопцы больш ахвотна пазнаёмяцца? Псіхалагіня з Мінска правяла эксперымент на мільёны праглядаў 

Тэлеграм запусціў сэрвіс знаёмстваў

«Калі я магу дазволіць сабе ў 2 гадзіны дня піць каву ў рэстаране, значыць хтосьці мяне забяспечвае». Мінская лэдзі раздае парады мужчынам

Nashaniva.com