Расійскі блогер Варламаў стаў вучыць беларускую мову
Папулярны расійскі блогер Ілля Варламаў многіх здзівіў. Паслухайце, як няпроста замежнікам даюцца некаторыя натуральныя для нас гукі.
29.07.2024 / 19:34
Ілля Варламаў. Скрын відэа з яго ютуб-канала
Блогер расказаў, што рашыў вывучыць беларускую мову, якая яму заўсёды падабалася.
«Шаноўныя сябры, спяшаюся падзяліцца чудоўнай навіной. Я вырашыў вывучыць беларускую мову. Па-першае, яна неверагодна прыгожая, па-другое, у Беларусі на ёй мала хто гаворыць, і я б хацеў прыцягнуць да гэтай мовы ўвагу. Так што цяпер па нядзелях я буду расказваць вам нешта цікавае з беларускай мовы», — сказаў Варламаў па-беларуску.
Цікава, што расійскаму блогеру не так лёгка даюцца некаторыя асаблівасці беларускага вымаўлення — напрыклад, дзеканне і цеканне, якое для беларусаў натуральнае.
Пачуць, як Варламаў гаворыць па-беларуску, можна на першых хвілінах яго відэа:
«Як вы разумееце, крызіс сярэдняга ўзросту да кожнага мужчыны прыходзіць па-рознаму», — пажартаваў Варламаў.
Але пра свае планы вучыць беларускую мову ён, падобна, не жартуе. Блогер адзначыў, што гэта ўздымае яму настрой.
«Ты гадзінку пазаймаўся беларускай мовай — і ты абсалютна шчаслівы. Гэтая мова дорыць табе абсалютнае шчасце, табе хочацца танчыць, бегчы наперад, вывучаць яе больш і больш, табе хочацца пець песні на беларускай мове».
Ілля Варламаў у сваім блогу расказвае пра ўрбаністыку, падарожжы, апошнія навіны. На яго ютуб-канале 5 млн падпісчыкаў.