Адмянілі паляўнічы фестываль, які збіраліся правесці ўпершыню
Першы нацыянальны паляўнічы фестываль, запланаваны на сярэдзіну жніўня, адмянілі. Правядзенне маштабнага мерапрыемства перанесена на 2025 год па прычыне ліквідацыі арганізацыямі лясной гаспадаркі наступстваў маштабных бураломаў.
29.07.2024 / 19:57
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons
Нацыянальны паляўнічы фестываль збіраліся ўпершыню правесці ў Беларусі з 16 па 18 жніўня 2024 года. Форум павінен быў прайсці на тэрыторыі дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Налібоцкі».
Арганізатарамі фестывалю былі заяўленыя Міністэрства лясной гаспадаркі, РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў», РУП «Белдзяржпаляванне».
У анонсе мерапрыемства заяўлялася, што новы маштабны паляўнічы фестываль арганізаваны камандай прафесіяналаў. Яны абяцалі, што ахвотныя атрымаюць зарад эмоцый, паспрабуюць свае сілы і прадэманструюць уменні ў розных актыўнасцях. Сярод іншага ў праграме форуму значыліся святочны канцэрт і дыскатэка, а на заканчэнне прапаноўвалася паглядзець маляўнічы феерверк.
Аднак менш чым за тры тыдні да даты фестывалю Мінлясгас абвясціў аб адмене форуму. У якасці прычыны для прыняцця такога рашэння ў міністэрстве назвалі ліквідацыю наступстваў маштабных бураломаў.
«Усе сілы і рэсурсы галіны цяпер сканцэнтраваныя на распрацоўцы ветравальна-бураломных лесасек. Непагадзь толькі дадае працы лесаводам. Людзі і тэхніка працуюць у рэжыме нон-стоп», — паведамілі ў Мінлясгасе.
Там адзначылі, што адмененыя і іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы, арганізаваныя прадпрыемствамі лясной гаспадаркі. Усе яны, як і першы нацыянальны паляўнічы фестываль, планаваліся ў жніўні.
Цяпер маштабны форум абяцаюць правесці ў 2025 годзе.
Ад новага разгулу непагадзі ў Беларусі пацярпелі два чалавекі — МНС
У Беларусі з-за ўрагану загінулі сем чалавек
Замест СМС — выццё сірэн. МНС хоча памяняць сістэму апавяшчэння падчас непагадзі
Мінлясгас заклікаў беларусаў найбліжэйшымі тыднямі не хадзіць у грыбы
Лукашэнка вызначыў дэдлайны для ліквідацыі наступстваў урагану