Расія атрымала ад КНДР дальнабойныя самаходныя супрацьтанкавыя ракетныя комплексы — яны ўжо на фронце

Расійская армія ўжо ўжывае комплексы Bulsae-4 — адзін з іх быў знойдзены ўкраінскай аэраразведкай.

30.07.2024 / 13:02

Фота: ЦТАК

Расія атрымала ад КНДР дальнабойныя самаходныя супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Bulsae-4.

Комплекс выявіла ўкраінская аэраразведка ў адным з напрамкаў, калі ён знаходзіўся на адкрытай мясцовасці, паведамляе mil.in.ua.

Bulsae-4 здольны знішчаць цэлі па-за прамой бачнасцю на адлегласці больш за 10 кіламетраў. Дакладных даных аб характарыстыках комплексу няма, аднак эксперты мяркуюць, што яго дальнабойнасць можа складаць да 25 кіламетраў. Гэта азначае, што ён можа паражаць цэлі з бяспечнай для сябе адлегласці.

Пускавая ўстаноўка Bulsae-4 складаецца з паваротнага пакета з васьмі кантэйнераў з ракетамі, размешчаных на шасі паўночнакарэйскага колавага бронетранспарцёра М-2010.

Кіраваная ракета абсталявана стабілізатарамі і рэжымам атакі зверху, дзе ў бранятэхнікі вельмі тонкая браня. Для навядзення выкарыстоўваецца электрааптычная галоўка ў спалучэнні з наводкай па оптавалаконавым кабелі.

Пастаянны відэа кантакт дазваляе ажыццяўляць перанавядзенне ў выпадку выяўлення больш прыярытэтнай цэлі. Таксама гэта дазваляе дасягаць высокай дакладнасці знішчэння на максімальнай далёкасці з першага стрэлу.

СМІ раней паведамлялі, што Расія за паўгода магла атрымаць ад КНДР 1,6 млн снарадаў для вайны супраць Украіны.

Nashaniva.com