«Вось вы на мяне наязджалі, і што цяпер? Вы ў турме, а дзе я?» Як Марзалюк наведаў калонію

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў сустракаўся са зняволенымі калоніі № 15, якая знаходзіцца пад Магілёвам. Пра сустрэчу са словаў вязня, які дагэтуль адбывае пакаранне ў калоніі, расказаў сваяк, які прасіў не называць ягонага імя, піша Радыё Свабода.

30.07.2024 / 13:48

Паводле крыніцы, сустрэча адбылася яшчэ ўзімку, але на волі звесткі пра яе сталі вядомыя толькі цяпер.

«Нас было больш за 100, прывялі ў клуб і сказалі, што будзе лекцыя з гісторыі вайны. Выйшаў гэты Ігар Марзалюк, але з нас амаль ніхто яго не ведаў. Што ён дэпутат ці былы гісторык, ведалі, можа, адзінкі. Слухалі, як заўсёды любога лектара ці міліцыянта, у паўвуха. А той паступова пачаў крычаць на нас, вучыць нас жыццю. Казаў: «Вось вы на мяне «наяжджалі«, крытыкавалі мяне, і што цяпер? Дзе вы? У турме седзіце. А дзе я?» Як мы з хлопцамі зразумелі, гэта ён спрачаўся з уяўнымі палітычнымі, якіх насамрэч на сустрэчы амаль не было. Я дык бачыў толькі аднаго «жаўтабірачніка», а іншых я не заўважыў.

Думаю, палітычных на сустрэчу знарок не пусцілі, а Марзалюку пра гэта не сказалі. Ён жа ўсё роўна не разбіраецца, не ведае, што палітычныя — з жоўтымі біркамі. Вось так і слухалі тую лекцыю. Марзалюк крычаў на нас, а мы маўчалі. Паразумення яўна не атрымалася. Я дык слухаў, а сам думаў, што гэта ты такі смелы, бо вакол мянты.

А ўвогуле ў мяне склалася ўражанне, што лектар быў нападпітку, бо вельмі хутка «завёўся». І па выніку ў мяне (і не ў аднаго мяне) засталося пачуццё крыўды. Хто ты такі, што на нас лаешся, тым больш крычыш на сваіх жа, палітычных? Што яны табе зрабілі?» — так, паводле крыніцы, расказваў яму зняволены сваяк.

У мэтах бяспекі крыніца прасіла не называць імя палітвязня, які прысутнічаў на сустрэчы зняволеных калоніі з дэпутатам Ігарам Марзалюком і мусіў выслухваць ягоную лаянку ў адрас апазіцыі. Паводле крыніцы, палітвязень падчас сустрэчы не сказаў ні слова.

Nashaniva.com