Датчанін, каб застацца ў Расіі, падпісаў кантракт з Мінабароны. Яго адправілі на вайну
Грамадзянін Даніі хацеў «выратавацца ад еўрапейскіх каштоўнасцяў», а цяпер судзіцца з Мінабароны з Расіі, каб вярнуцца на радзіму.
30.07.2024 / 15:00
Фота: Baza
Датчанін прыехаў у Расію летам 2023 года. Знаёмым ён распавядаў, што прыняў такое рашэнне, каб «выратавацца ад іх каштоўнасцяў».
Да кастрычніка ў 32-гадовага мужчыны заканчваўся тэрмін знаходжання ў Расіі. Ён звярнуўся ў паліцыю, каб падоўжыць дакумент, але сілавікі цягнулі з адказам, а тэрмін набліжаўся.
Тады хтосьці параіў Мадсу (імя змененае) падпісаць кантракт з Мінабароны — маўляў, гэта дазволіць застацца ў Расіі.
Датчанін быў не супраць. Ён сам хацеў стаць вайскоўцам, але пры гэтым на фронт ён не збіраўся, піша Baza.
Датчанін прыйшоў у вярбовачны цэнтр «Патрыёт» і падпісаў кантракт на незнаёмай яму рускай мове. А неўзабаве ён раптам адправіўся на вайну супраць Украіны.
Мадса адправілі ў падраздзяленне, якое займаецца беспілотнікамі і дронамі на тэрыторыі акупаванай Луганскай вобласці. Па словах адваката датчаніна Рамана Пятрова, служыць Мадсу не вельмі падабаецца — асабліва з-за суседзяў з Паўднёвай Азіі, з якімі яго адправілі ў адзін бліндаж. Яны часта плююць на падлогу, што ахайнаму датчаніну не падабаецца. Акрамя таго, Мадс скардзіцца, што яго прымушаюць піць гарэлку.
У студзені 2024 года Мадсу патэлефанавалі з паліцыі і паведамілі, што яму дазволілі падоўжыць тэрмін знаходжання ў Расіі, але было ўжо позна. Датчаніна некалькі разоў дапытвалі — спрабавалі даведацца, навошта ён паехаў на вайну. Мадс тлумачыў, што не збіраўся гэтага рабіць.
Увесну датчанін падаў пазоў да Мінабароны: ён папрасіў прызнаць кантракт несапраўдным, таму што тэкст быў на расейскай мове, якой Мадс не валодае. Адпаведна, ён падпісваўся на ўмовы, якія не разумеў.
У гарнізонным ваенным судзе датчанін прайграў, у апеляцыі яму таксама адмоўлена. Са слоў адваката, Мадс — адзіны датчанін у расійскай арміі. Цяпер ён вельмі спадзяецца, што яго гісторыю заўважаць у пасольстве Даніі, дапамогуць выйграць суд з Мінабароны і вернуць дадому.