На вуліцах Магілёва можна пабачыць «мілфіцыю» на матацыклах ВІДЭА

У сацыяльных сетках завірусілася відэа з Магілёва: па горадзе на матацыклах ліха рассякаюць дзяўчаты ў майках з надпісамі «Мілфіцыя». Выклала яго ў сацыяльныя сеткі адна з моталэдзі. 

31.07.2024 / 09:00

Скрыншот відэа ў тыктоку

Мілфа — гэта абрэвіятура, якая паходзіць ад англійскага выразу «Mother I'd like to f**k» (у перакладзе — «мамаша, якую я б т***нуў»). Так часта называюць сэксуальных жанчын ва ўзросце прыкладна ад 35 да 45 гадоў. А «мілфіцыя» атрымалася дзякуючы злучэнню словаў «мілфа» і «міліцыя».

Відэа з «мілфіцыяй» набрала ў тыктоку каля 890 тысяч праглядаў і больш за 20 тысяч лайкаў. Шмат хто пісаў, што пасля такога хоча пераехаць жыць у Магілёў.

@pantera.0007_ @Olesiа #мотодружба #мотоюмор #мото #мотосезон2024 #мотоледи #мотоприколы #девушканамото #мотожизнь #мотосезон #покатушки #pantera #юмор ♬ Горы (Remix) - BLIZKEY

Анастасіі — блогерцы і моталэдзі — 39 гадоў, яна жыве ў Магілёве. Мае ўласны бізнэс: жанчына адкрыла ў горадзе салон прыгажосці і студыю танцаў, дзе сярод асноўных напрамкаў — pole dance.

Свой байк блогерка ласкава называе страказа. Вобраз Анастасіі нярэдка бывае правакацыйным і не вельмі бяспечным — за гэта яна атрымлівае шмат заўваг у каментарыях. Але жанчыну гэта не вельмі турбуе:

— Так, я езджу на абцасах, і мне зручна. Не апранаю ў горадзе экіпіроўку, так мне таксама зручна. Зразумейце, гэта мой выбар і не трэба мне навязваць сваё меркаванне. У мяне ёсць выбар. Мы жывём у свабоднай краіне.

Калі меркаваць па іншых відэа, то на вуліцах людзі настроены больш пазітыўна, чым у сацыяльных сетках. Пабачыўшы эфектную дзяўчыну на матацыкле, людзі, якія едуць у аўтобусе, пачынаюць усміхацца, махаць рукамі і паказваць «клас».

@pantera.0007_ #мотоюмор #мото #юмор #pantera #покатушки #мотосезон #мотожизнь #девушканамото #мотоледи #мотосезон2024 #мотоприколы #мотодружба ♬ оригинальный звук - BRATSESTRA

Анастасіі такая ўвага падабаецца, яна ахвотна фатаграфуецца на розных мерапрыемствах з усімі жадаючымі. Блогерка іранізуе з таго, што яе даволі эратычныя ўборы прывабліваюць іншых кіроўцаў:

— Машыны заўсёды нас прапускаюць, каб мы стаялі перад імі на святлафоры. Цікава, чаму? — пажартавала Анастасія ў адным з відэа.

Летась Анастасія крыху распавядала пра сябе тэлеграм-каналу «Магілёў — мой горад». Тады яна прызналася, што заглядвацца на жалезных коней пачала каля трох гадоў таму. І спачатку прыдумала эфектны вобраз ды набыла яркі шлем з коскамі, а толькі потым пайшла вучыцца вадзіць матацыкл. Пакуль здавала на катэгорыю А, у продажы з'явіўся цікавы варыянт — Kawasaki ER300 з цытрынава-неонавымі дыскамі. Гэты колер стаў і яе фішкай. Анастасія часта выкарыстоўвае яго ў адзенні і нават у манікюры.

Анастасія. Фота з яе інстаграму

Тэлеграм-канал пісаў, што рост у матацыклісткі невялікі — усяго 155 сантыметраў, — але гэта не перашкаджае ёй ліха кіраваць любімым транспартным сродкам. Анастасія шмат вандруе па Беларусі з сябрамі на байках.

Nashaniva.com