У Расіі крытычны дэфіцыт байцоў, сфарміравалі мотастралковы полк са складу паветраных сілаў

«Гэта прыкладна, як мотастралковы полк хору Аляксандрава», — кпіць расійскі вайсковы блогер.

30.07.2024 / 17:45

Фота: Fighterbomber / telagram

На новае фарміраванне — мотастралковы полк Паветрана-касмічных сіл Расіі (ПКС) звярнуў увагу капітан ПКС Ілля Туманаў (Fighterbomber). У сваім тэлеграм-канале ён піша, што полк створаны тыдзень назад. Людзей у яго набіралі па ўсёй Расіі. Сярод іх як інжынерна-тэхнічны, так і лётна-пад'ёмны а таксама лётны склад.

«Сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры. Здаецца, нават адзін штурман ёсць», — дзеліцца інфармацыяй ваенкар і дадае з сарказмам:

«Ваююць норм. Як усе. Усім забяспечаны. Скаргаў няма. Усё добра. Гэта прыкладна, як мотастралковы полк хору Аляксандрава. Ну ці ДШБ (дэсантна-штурмавая брыгада — НН) ЦСКА. Павінен быць нейкі пасыл ці вывад. Але яго няма».

Вывад робіць аўтар іншага тэлеграм-каналу — «Vault 8. Убежище».

Ён тлумачыць, што такія новыя фарміраванні пачалі з'яўляцца прыкладна са снежня 2023 года з-за боязі ўладаў праводзіць другую хвалю мабілізацыі ва ўмовах падрыхтоўкі пастаяннага, без аператыўных паўзаў «пазіцыйнага наступу».

У Маскве баяцца, што новая мабілізацыя прывядзе да сацыяльнага выбуху і рэвалюцыі.

У выніку «розныя рады войск выграбаюць кантрактны асабісты склад для папаўнення ці фарміравання новых падраздзяленняў і нават часцей».

Аўтар сцвярджае, што да гэтага чуў аб тым, што кантрактнікаў на флоце пераводзяць у брыгады марской пяхоты, ператвараюць каменданцкія ўзводы ў штурмавыя. Яму вядомыя выпадкі пераводу некалькіх «непатрэбных» сувязістаў у штурмавую роту, а вайскоўцаў з роты матэрыяльнага забеспячэння ва ўзвод БПЛА, бо «сувязістаў па кантракце ці мабілізацыі не з'явілася».

«Сфарміраваць з мінамётнай батарэі эвакагрупу — пасля страты матчасткі. Расфарміраваць снайперскі ўзвод снайперскай роты, каб перакінуць асабісты склад у штурмавы ўзвод»,

— прыводзіць іншыя прыклады ваенкар і дадае, што акрамя гэтага, каб захаваць колькасны склад былі завышаныя патрабаванні да траўматызму пасля ранення як падстава для дэмабілізацыі. «У выніку маса калек у ППД (пунктах пастаяннай дыслакацыі — НН), з якіх асобныя камандзіры выграбаюць папаўненні для штурмаў».

«Усё гэта званочкі (а МСП ПКС дык наогул набат) аб тым, што альбо будзе перамір'е, альбо другая хваля мабілізацыі», — адзначае ваенкар.

Першапрычына дэфіцыту байцоў — вялізныя страты расійскай арміі. На сёння вядомыя пайменна больш за 61 тысяча забітых ва Украіне. Эксперты мяркуюць, што ўсяго на сёння расійская армія і наёмныя структуры, якія ваююць разам з ёй, панеслі страты ў прыкладна 120 тысяч забітымі і 450 тысяч параненымі. Такіх ваенных страт не несла ніводная з развітых дзяржаў свету пасля Другой сусветнай вайны.

Пацверджаныя страты Расіі ва Украіне перавысілі 60 тысяч чалавек забітымі

Z-ваенкары сцвярджаюць, што расійскія вайскоўцы збілі ўласны верталёт

Датчанін, каб застацца ў Расіі, падпісаў кантракт з Мінабароны. Яго адправілі на вайну

Зяленскі: Украіна падрыхтуе мірны план да канца лістапада

Nashaniva.com