ЗША абсталююць самалёты F-16 для Украіны сучаснай зброяй
Першыя знішчальнікі F-16 павінны прыбыць ва Украіну ўжо неўзабаве, але да гэтага часу не было вядома, якое ўзбраенне будзе пастаўлена разам з імі. Цяпер жа The Wall Street Journal даведалася, што хоць самі самалёты паставяць еўрапейскія краіны, баявое абсталяванне для іх паступіць з ЗША.
30.07.2024 / 19:24
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Matthew Horwood/Getty Images
Пентагон дасць узбраенне для барацьбы і з наземнымі, і з паветранымі цэлямі ў дастатковых колькасцях, каб задаволіць надзённыя патрэбы Украіны, расказаў выданню высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік: «Мы ўпэўненыя, што зможам паставіць усё гэта [зброю], прынамсі ў крытычна неабходных аб'ёмах, якія ім патрэбныя».
Зброя для F-16, якую адпраўляюць ЗША, уключае:
- ракеты AGM-88 HARM класа «паветра — зямля»;
- камплекты Joint Direct Attack Munition павялічанай далёкасці, якія ператвараюць некіраваныя бомбы ў «разумную» зброю;
- так званыя бомбы малога дыяметру, якія выбухаюць з малым радыусам паражэння;
- удасканаленыя ракеты «паветра-паветра» сярэдняй далёкасці, вядомыя як AMRAAM;
- ракеты класа «паветра-паветра» малой далёкасці AIM-9X.
Еўрапейскія краіны не хацелі пастаўляць зброю для F-16, паколькі яе запасы ў іх абмежаваныя. Таму, па словах крыніцы WSJ, было вырашана, што яны толькі збяруць сродкі, на якія зброю купяць у ЗША.
Першыя знішчальнікі ад Нарвегіі і Даніі цяпер перадаюцца Кіеву, але калі і ў якой колькасці яны паступяць, захоўваецца ў таямніцы. Агулам Украіна атрымае каля 80 самалётаў, але часткамі: Данія, напрыклад, будзе выдзяляць іх цягам васьмі месяцаў.
Паводле інфармацыі The New York Times, сёлета рабіць баявыя вылеты, відаць, змогуць толькі каля дзясятка F-16, да якіх будзе прымацавана каля 20 пілотаў, якія прайшлі навучанне на Захадзе.
Галоўнакамандуючы УСУ расказаў пра перавагу Расіі ў тэхніцы і акрэсліў, што рабіць украінцам
Пачаўся працэс перадачы знішчальнікаў F-16 Украіне — першыя самалёты ўжо на шляху ў краіну
УСУ мяняюць стратэгію, рыхтуючыся да прыбыцця F-16