Як махляры разводзяць беларусаў на новых аўто з Кітая
У СК распавялі, куды ні ў якім разе не варта звяртацца па аўто.
31.07.2024 / 10:03
Ілюстрацыйны здымак. Фота: onliner.by
Гродзенскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ўстанаўліваюцца абставіны махлярства, здзейсненага ў асабліва буйным памеры.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, 37-гадовы жыхар Гродна вырашыў набыць аўтамабіль. У інстаграме мужчына знайшоў старонку, дзе рэкламаваўся продаж транспартных сродкаў з Кітая.
Прыгожыя фатаграфіі сучасных машын, выключна станоўчыя водгукі кліентаў, прафесійныя кансультанты стварылі шыкоўную карцінку, на якую і павёўся мужчына. Ён пагутарыў з менеджарам. Калі ўсе яго ўмовы былі ўлічаныя і аўтамабіль абраны, яму даслалі ўзор дамовы.
Вывучыўшы дакумент, жыхар Гродна падпісаў яго, а пасля адкрыў рахунак у банку і ажыццявіў перавод сродкаў на паказаны ашуканцамі рахунак. Яшчэ 10 дзён кіберзлачынцы падманвалі пакупніка, прыдумляючы даты пастаўкі доўгачаканага аўто, а пасля перасталі выходзіць на сувязь.
Тады мужчына зразумеў, што стаў ахвярай махляроў, якім перавёў больш за 72 тысячы рублёў. Ён звярнуўся ў міліцыю.
Падчас расследавання крымінальнай справы ўстаноўлена, што на прывабную прапанову фэйкавай інтэрнэт-крамы logran.trade.auto адгукнуліся яшчэ два жыхары Гродна, кожны з якіх таксама перавёў звыш 70 тысяч беларускіх рублёў.
У ходзе допытаў пацярпелыя паказвалі, што якіх-небудзь сумненняў у рэальнасці здзелкі не ўзнікала, а пасля таго, як ім высылалі ўзор дамовы, у якім былі прапісаны абавязкі кожнага з бакоў, умовы транспарціроўкі аўтамабіля, яны былі перакананыя, што ў бліжэйшы час стануць уладальнікамі сучасных іншамарак.
Пры гэтым таксама іх падкупляў факт паасобнай аплаты, калі першапачаткова ўносіліся сродкі за машыну, а пасля па прыбыцці аўтамабіля ў Беларусь — усе астатнія выдаткі.
Па дадзеных фактах узбуджаны крымінальныя справы па ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры).
У СК мяркуюць, што фактаў падману можа быць больш. Тых, хто пацярпеў ад ашуканскіх дзеянняў ілжэпрадаўца інтэрнэт-крамы logran.trade.auto, просяць паведаміць у СК.