Іран, Турцыя, хусіты і «Хезбала» пагражаюць Ізраілю пасля забойства лідара ХАМАС

Вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі заявіў, што «суровае пакаранне» для Ізраіля за смерць Ханіі — гэта «абавязак Тэгерана».

31.07.2024 / 11:52

Ісмаіл Ханія. Фота: Wikimedia Commons

Новы прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіан асудзіў забойства аднаго з лідараў ХАМАС Ісмаіла Ханіі ў Тэгеране і заявіў, што Іран «будзе абараняць сваю тэрытарыяльную цэласнасць», піша Bild.

Пезешкіан таксама дадаў, што «тэрарыстычныя акупанты пашкадуюць аб сваім баязлівым учынку». Вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі заявіў, што «суровае пакаранне» для Ізраіля за смерць Ханіі — гэта «абавязак Тэгерана».

Таксама наконт забойства Ханіі выказаліся прадстаўнікі еменскіх хусітаў. Яны назвалі ліквідацыю аднаго з лідараў ХАМАС «агідным тэрарыстычным злачынствам» і «абуральным парушэннем законаў».

Пры гэтым самі еменскія хусіты на працягу апошніх месяцаў абстрэльваюць ракетамі суда ў Чырвоным моры і Адэнскім заліве, каб яны не прышвартаваліся ў ізраільскіх партах.

Тэрарыстычная арганізацыя «Хезбала» пасля забойства Ханіі ўжо выступіла з пагрозамі ў адрас Ізраіля. Яго смерць, як сцвярджаюць у «Хезбале», зробіць «супраціў Ізраілю яшчэ больш рашучым».

Акрамя таго, з афіцыйнымі каментарамі выступіла і Міністэрства замежных справаў Турцыі. Па словах прадстаўніка турэцкага МЗС, «ганебнае забойства Ханіі накіравана на пашырэнне вайны ў Газе да міжнароднага маштабу».

Міністр культурнай спадчыны Ізраіля Аміхай Эліягу, у сваю чаргу, не стаў хаваць сваёй радасці наконт забойства Ханіі.

«Гэта дакладны спосаб ачысціць свет ад гэтага бруду. Смерць Ханіі робіць свет крыху лепшым», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X.

Падобнае меркаванне выказала Эйнаў Зангаўкер — маці Матана Зангаўкера, якога баевікі ХАМАС павезлі ў сектар Газа.

«Месца верхаводаў жахлівага ХАМАС — у пекле, і мы ўсё за тое, каб яны заплацілі за свае дзеянні. Але мы не можам дазволіць забойству Ханіі пакласці канец дамове і выракчы нашых блізкіх у палоне на смерць», — сказала Зангаўкер.

Ісмаіла Ханію загінуў у выніку авіяўдару Ізраіля па яго рэзідэнцыі ў Тэгеране. Днём 30 ліпеня ён браў удзел у інаўгурацыі прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіана.

Ізраіль знішчыў лідара ХАМАС Ісмаіла Ханію

Махмуд Абас пасля ліквідацыі лідара ХАМАС заклікаў палесцінцаў да адзінства

Новы прэзідэнт Ірана прыняў прысягу пад скандаванне «Смерць Амерыцы і Ізраілю»

Nashaniva.com