Мінімум пяць шахедаў заляцелі ноччу ў Беларусь: адзін дабраўся ажно да Століна

У ноч на 31 ліпеня адбыўся самы масавы залёт «шахедаў» у паветраную прастору Беларусі за ўвесь перыяд маніторынгу. Паводле інфармацыі групы «Беларускі Гаюн», усяго за мінулую ноч у Беларусь заляцелі не менш за пяць дронаў-камікадзэ тыпу «шахед».

31.07.2024 / 12:19

Беларускі Гаюн

Першы з шахедаў зайшоў у Беларусь каля 23:20 у раёне в. Асарэвічы Брагінскага раёна. І ўжо ў 23:50 з аэрадрома «Баранавічы» быў узняты знішчальнік ВПС РБ, які больш за гадзіну лётаў па ўсім паўднёвым усходзе Беларусі паблізу памежжа.

Знішчальнік заўважалі ў раёне Рэчыцы, Гомеля і паблізу іншых населеных пунктаў у прыграніччы з Украінай, што сведчыць аб тым, што знішчальнік праводзіў інтэнсіўны пошук мэт і быў узняты не проста на разведку, а на мэтанакіраванае выяўленне шахедаў над Беларуссю. Ён прабыў на поўдні краіны да 01:30 ночы, але і пасля яго вяртання ў «Баранавічы» шахеды працягнулі заходзіць у Беларусь.

Дроны-камікадзэ ўварваліся ў паветраную прастору Беларусі ў раёне Лоева, Асарэвічаў і в. Кірава (Брагінскі раён). Па часе гэта адбывалася ў 23:20 (№1), 00:05 (№2), 01:20 (№3), і апошняя група зайшла ў Беларусь у раёне 02:30 ночы, прычым у апошнім выпадку іх было адразу дзве адзінкі.

Nashaniva.com