У беларускай прасторы Kropka ў Тбілісі скралі ўсе ахвяраванні

Пра крадзеж ахвяраванняў падчас мерапрыемства паведаміла беларуская прастора Kropka ў Тбілісі. Скралі «амаль усе грошы з данатаў» і асабістыя грошы адміністратара ўстановы, піша «Позірк».

31.07.2024 / 13:13

Фота: з тэлеграм-канала «Кропкі»

Інцыдэнт здарыўся 23 ліпеня, у той дзень у памяшканні адбывалася пасяджэнне клуба беларускай літаратуры.

На запытанне «Позірку», ці звярталіся супрацоўнікі ўстановы ў паліцыю, прыйшоў адказ, што «вырашылі пакуль не дзяліцца дэталямі».

Прастора, якая выконвае розныя функцыі, у тым ліку каворкінг-офіса і бібліятэкі беларускай літаратуры, знаходзіцца ў цэнтральнай частцы грузінскай сталіцы і працуе ўжо некалькі год.

Да аднайменнай творчай прасторы і крамы, якую ў маі адчынілі ў Вільні былы палітвязень Дзмітрый Фурманаў і яго жонка Вольга, дачынення не мае.

Nashaniva.com