«Мужчына — гэта муж і чын!» У Дзярждуме арыгінальна растлумачылі, чаму шматдзетныя бацькі павінны ваяваць

Расійскі парламент адхіліў законапраект аб адтэрміноўцы ад мабілізацыі бацькам траіх і больш дзяцей.

31.07.2024 / 13:42

Андрэй Красаў. Фота: Адзіная Расія

Супраць законапраекта, падтрыманага камуністамі і дэпутатамі ад «Справядлівай Расіі», выступілі адзінаросы, якіх у Дзярждуме большасць.

Абгрунтавалі яны адхіленне законапраекта тым, што ён «прывядзе да памяншэння кадравага рэзерву», піша Baza.

Першы намеснік старшыні Камітэта па абароне Андрэй Красаў з трыбуны заявіў, што мужчына павінен у першую чаргу «абараняць сям'ю», а ўжо потым думаць аб тым, як яе пракарміць.

«З чаго складаецца мужчына? Муж і чын. Муж — гэта воін, абаронца сям'і, нашага грамадства і дзяржавы. А далей чын — гэта работнік, здабытчык. Дык вось, кожны мужчына павінен абараняць сям'ю, наша грамадства і нашу дзяржаву. А потым ужо клапаціцца аб здабычы для сваёй сям'і», — заявіў Красаў.

Згодна са статыстыкай, якую прывяла аўтар законапраекта дэпутат Ніна Астаніна, пры частковай мабілізацыі адтэрміноўку атрымалі 256 тысяч айцішнікаў, 170 тысяч банкаўскіх работнікаў. Пры гэтым на фронце знаходзяцца 903 шматдзетныя бацькі (у якіх 3 і больш дзяцей да 18 гадоў) і 100 бацькоў дзяцей-інвалідаў.

Цяпер Астаніна плануе падрыхтаваць новую рэдакцыю законапраекта і вынесці яе на абмеркаванне.

Nashaniva.com