«10 дзён адкормлівалі ў катэджы пад Мінскам». Украінка, якую абмянялі на расійскіх палонных, расказала, як гэта было

Людміла Ганчарэнка год правяла ў зняволенні ў Беларусі, яе абвінавацілі па артыкуле аб агентурнай дзейнасці. Яе разам з яшчэ чатырма ўкраінцамі ў канцы чэрвеня нядаўна вызвалілі па працэдуры абмену ваеннапалоннымі. Яна распавяла Deutsche Welle пра ўмовы ўтрымання і абмен.

31.07.2024 / 13:52

Кацярына Бруханава, Людміла Ганчарэнка, Павел Купрыенка, Наталля Захаранка, Мікалай Швец у аэрапорце «Жуляны» ў Кіеве. Фота: dmytro_lubinetzs / Telegram

Людміла Ганчарэнка жыве ва ўкраінскім Чарнігаве, у яе двое сыноў. Старэйшаму — 14, малодшаму крыху больш за год. Украінка часта бывала ў Беларусі. Яе першы муж і бацька старэйшага сына — беларус. «Ездзілі то да яго, то да родных, то куплю там нешта», — успамінае суразмоўца. Адзін з такіх прыездаў, летам 2023, завяршыўся для жанчыны затрыманнем і годам у беларускай турме.

Са слоў Людмілы, звычайна ў Беларусь яна заязджала праз Польшчу, аднойчы недалёка ад Брэста зняла лагер расійскіх вайскоўцаў, відэа адправіла ўкраінскім памежнікам. Суразмоўца мяркуе, што беларускія сілавікі, якія правяралі яе тэлефон пры перасячэнні мяжы, знайшлі гэта відэа, а таксама фота расійскай вайсковай тэхнікі, зробленае ў студзені 2023. «Я нічога не выдаляла, нічога не хавала», — кажа Людміла.

Увечары 19 ліпеня 2023 года ў кватэру ў Брэсце, якую жанчына зняла на час паездкі, прыехалі супрацоўнікі Гомельскага КДБ. Сілавікі затрымалі Ганчарэнку і яе родных, якія знаходзіліся ў Беларусі разам з ёй: сястру Наталлю Ярашэнку, непаўналетніх сына і пляменніка.

Наталля аказалася ў ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі. Дзяцей дапыталі, пасля яны знаходзіліся ў знаёмай Людмілы, з'ехаць з Беларусі змаглі толькі праз тыдзень. Аднак жанчына кажа, што ў КДБ пагражалі аддаць 13-гадовага сына ў дзіцячы дом.

Хлопчык, паводле яе слоў, таксама атрымаў моцную псіхалагічную траўму: яго дапытвалі, «вазілі на дэтэктар хлусні», «палохалі, што аддадуць у дзіцячы дом, калі не будзе праўду казаць», пагражалі пісталетам.

Сястра Людмілы, Наталля Ярашэнка, 147 сутак правяла ў Гомельскім ІЧУ, пасля яе дэпартавалі ва Украіну з забаронай на ўезд у РБ на пяць гадоў.

19 снежня 2023 года Людмілу Ганчарэнку прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. 22 сакавіка 2024 года Людмілу адправілі ў жаночую калонію ў Гомелі. Таксама грамадзянку Украіны ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».

18 красавіка Людмілу выклікалі ў адміністрацыю калоніі для напісання прашэння аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. «Ужо было ўсё напісана, трэба было толькі папрасіць прабачэння ў Лукашэнкі і «беларускага народа», распісацца і паставіць дату», — удакладняе Ганчарэнка.

13 чэрвеня яе забралі з калоніі сілавікі з Мінска: «Надзелі берушы, навушнікі, павязку, каб я не разумела, куды еду, рукі завязалі сцяжкамі», — распавядае Людміла. 

Яе і яшчэ траіх украінцаў, якіх рыхтавалі да абмену на расійскіх палонных, прывезлі ў катэдж пад Мінскам, і, па выразе Ганчарэнкі, сталі «адкормліваць».

Побач увесь час знаходзіліся сілавікі: «Хто яны, мы не ведалі, яны маскі не здымалі, з намі не размаўлялі, толькі пыталіся, што нам трэба паесці або папіць».

22 чэрвеня грамадзян Украіны зноў «павезлі». Па размовах жанчына зразумела, што іх прывезлі ў СІЗА КДБ.

Там знаходзіўся фігурант справы аб выбуху ў Мачулішчах Мікалай Швец, якога таксама рыхтавалі да абмену. Далей, па выразе Ганчарэнкі, «ехалі з хуткасцю ветру», дарога заняла крыху больш за дзве гадзіны.

Калі мікрааўтобус спыніўся, увайшоў сілавік і сказаў, што «ў вас сёння другі дзень нараджэння, вас Аляксандр Рыгоравіч памілаваў», а таксама, што праз гадзіну яны будуць дома, бо іх памянялі на аднаго святара (мітрапаліта Іянафана (Ялецкіх) і на трох расійскіх ваеннапалонных. 

Людміла кажа, што цяпер патроху аднаўляецца, са здароўем усё больш-менш нармальна, толькі моцна ўпаў зрок. Жанчына стараецца праводзіць больш часу з малодшым сынам, якому на момант яе затрымання было менш за тры месяцы. Хлопчык пакуль да яе не да канца прывык, спіць па-ранейшаму з бабуляй.

Nashaniva.com