Спартоўцы з КНДР і Паўднёвай Карэі зрабілі сумеснае сэлфі на Алімпіядзе ФОТА

Сумесны здымак спартоўцаў з дзвюх варагуючых краін ужо называюць адным з найважнейшых на Алімпіядзе ў Парыжы.

31.07.2024 / 14:26

Фота: Навінавае агенцтва Кітая

Майстры малой ракеткі з Паўднёвай Карэі і КНДР зрабілі сумеснае сэлфі пасля цырымоніі ўзнагароджання прызёраў алімпійскага турніру па настольным тэнісе ў змяшаным парным разрадзе.

Паўднёвакарэйцы Лім Чон-хун і Сін Ю-бін узялі бронзавыя ўзнагароды, перамогшы ў матчы за трэцяе месца пару з Ганконга. Срэбра дасталася паўночнакарэйцам Ры Чон Сік і Кім Кум Ён — у фінале іх абыгралі кітайцы Ван Чуцынь і Сунь Інша.

Падчас цырымоніі паўночнакарэйскія і паўднёвакарэйскія спартсмены абмежаваліся лёгкім поціскамі рукі і словам «віншую» на карэйскай. Аднак пасля ўручэння медалёў адзін з прадстаўнікоў Кітая прапанаваў зрабіць пераможнае сэлфі.

The North and South Koreanathletes in one selfie suggested by Chinese gold medal winner Sun Yingsha.
A warmhearted group photo!#Paris2024 #OlympicGames #TableTennis pic.twitter.com/utCEL5S6KH

— China in Pictures (@tongbingxue) July 31, 2024

На Алімпіядзе ў Парыжы арганізатары дазволілі рабіць такія фота на тэлефон Samsung — афіцыйнага партнёра гульняў. Прадстаўнікі дзвюх Карэй пагадзіліся — і іх сумеснае сэлфі завірусілася ў інтэрнэце. У Паўднёвай Карэі гэтае фота назвалі «сапраўдным алімпійскім духам».

Спартсмены з КНДР аказаліся на п'едэстале Алімпіяды ўпершыню з 2016 года — Гульні ў Токіа яны прапусцілі праз пандэмію.

Сумеснае сэлфі з'явілася на фоне сур'ёзнай за апошнія дзесяцігоддзі эскалацыі ў адносінах паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй. Пхеньян рэгулярна пасылае на поўдзень паветраныя шары са смеццем, у адказ паўднёвакарэйцы аднавілі прапагандысцкае радыёвяшчанне на мяжы.

Nashaniva.com