Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус, які ваяваў у складзе расійскай арміі

Два гады таму падобнага мужчыну з такім жа годам нараджэння МУС Беларусі абвясціла ў вышук, піша Радыё Свабода.

31.07.2024 / 14:50

Яўген Камянькоў, імаверна, трапіў у палон вясной 2024 года ў часе баёў пад Ваўчанскам Харкаўскай вобласці. Вядома, што ён нарадзіўся 17 сакавіка 1999 года.

Адметна, што трэцяга ліпеня 2022 года ў Telegram-канале Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у якім паведамляюць пра зніклых людзей, апублікавалі інфармацыю аб вышуку на той момант 23-гадовага жыхара Бабруйска Камянькова Яўгена Андрэевіча.

Згодна з паведамленнем, ён разам з 13-гадовым Лазюком Аляксеем Леанідавічам 1 ліпеня 2022 года пайшоў у невядомым кірунку з манастыра «Афанасія», што знаходзіцца па вуліцы Свята-Афанасьеўскай у Берасці. Сярод асаблівых прыкмет Яўгена Камянькова ў паведамленні назвалі тату ў выглядзе кінжала даўжынёй каля 20 сантыметраў на ўнутраным баку перадплечча. Паведамлялася, што яны могуць перамяшчацца ўздоўж дарог, наведваць цэрквы, манастыры і іншыя рэлігійныя арганізацыі.

8 ліпеня 2022 года прэс-служба МУС Беларусі паведаміла, што Аляксея Лазюка знайшлі ў горадзе Пушкіна Маскоўскай вобласці. Спачатку яго размясцілі ў дзіцячым сацыяльным прытулку, а потым мусілі забраць дадому беларускія міліцыянты. Паведамлення, што Яўгена Камянькова ўжо знайшлі, тады не было.

На новым фотаздымку, які Свабода мае імаверна з украінскага палону, мужчына падобны да таго, здымак якога размясцілі ў Беларусі для вышуку Камянькова Яўгена Андрэевіча — у іх супадаюць колер вачэй, форма носа і росту валасоў на лобнай частцы галавы.

Свабода звярнулася ва ўкраінскі дзяржаўны праект «Хачу знайсці», створаны для перадачы сваякам інфармацыі аб ваеннапалонных, зніклых без звестак ці загінулых расейскіх вайскоўцаў. Паводле правілаў праекту, адказ могуць даць цягам 14 дзён.

Nashaniva.com